У Мінску п'яны кіроўца сустрэў супрацоўнікаў ДАІ пнеўматычным пісталетам
Яго затрымалі. Пакуль мужчыну прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці, магчыма, будзе распачатая і крымінальная справа.
У Мінску супрацоўнікі ДАІ затрымалі 26-гадовага п'янага кіроўцу. Лейтэнанты міліцыі Аляксей Дроб і Павел Васілевіч звярнулі ўвагу на аўтамабіль "Фольксваген", які рухаўся па вуліцы вельмі марудна, а пасля заехаў у двор аднаго з дамоў па вуліцы Асаналіева і спыніўся.
ДАІшнікі заўважылі, што малады чалавек знаходзіцца ў стане алкагольнага ап'янення ды папрасілі паказаць дакументы. Кіроўца, аднак, з машыны выйшаў і заявіў, што гэта легкавік маці, а ён на ім не ездзіў. Замест дакументаў ён дастаў пісталет і накіраваў яго ў бок аднаго з інспектараў.
Аднак, як адзначае прэс-служба мінскай міліцыі, супрацоўнікі ДАІ не разгубіліся і забралі пісталет у зламысніка. Ён аказаўся пнеўматычным. Асведчанне паказала, што колькасць пароў алкаголю ў выдыханым паветры склала каля 2 праміле. Малады чалавек раней ужо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці "за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў".
Пакуль затрыманага прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне ў стане ап'янення. Што да яго дзеянняў у адносінах да міліцыянераў, то прававая ацэнка яшчэ даецца.
Фота: flickr.com i guvd.gov.by