У Мінску затрымалі былога следчага, які звольніўся з СК у знак пратэсту
Мікіта Старажэнка
У Мінску ў адным з гандлёвых цэнтраў напярэдадні затрымалі былога следчага Мікіту Старажэнку. Паводле дадзеных праваабаронцаў, яму інкрымінуюць "распальванне варожасці групай асоб" (ч. 3 арт. 130 КК РБ).
Старажэнку 28 гадоў. Пасля выбараў 2020 года ён звольніўся з СК і патлумачыў свой учынак негатоўнасцю "выконваць тое, што супярэчыць сумленню".
Старажэнка тады прызнаўся, што "звальняцца было цяжка, разумеючы, што чакае велізарны доўг за навучанне і ёсць сям'я", але ісці супраць сумлення яшчэ цяжэй.
"Я не хачу адпраўляць у архіў матэрыялы праверак, якія павінны быць крымінальнымі справамі. Сумленных супрацоўнікаў у нашых органах шмат, але яны заціснутыя рамкамі загадаў і даўгоў перад дзяржавай. Калегі, калі чытаеце гэта, адкажыце сабе на адно пытанне: ці зможаце вы сказаць "Гонар маю". Я змог, маё сумленне чыстае", — пісаў у сацсетках пра сваё рашэнне Мікіта Старажэнка.
Прозвішча Старажэнкі ёсць і ва ўказе Лукашэнкі аб пазбаўленні сілавікоў, якія звольніліся ў знак пратэсту, званняў. Да мая 2021 года ён быў старшым лейтэнантам юстыцыі запасу. Пасля звальнення працаваў юрыстам.
У красавіку мінулага года яго таксама арыштоўвалі на 15 сутак за "несанкцыянаванае пікетаванне".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.