У Мінтрансе плануюць пераразмеркаваць "дарожны падатак"
Дзяржпошліну за допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху могуць пераразмеркаваць на мясцовыя дарогі. Пра гэта падчас дыскусіі ў жывым эфіры tut.by паведаміў прадстаўнік Мінтранса.
Як вядома, частка атрыманых ад збору грошай ідзе ў агульнадзяржаўны бюджэт, частка размяркоўваецца паміж бюджэтамі абласцей, а яшчэ частка сродкаў ішла на будаўніцтва МКАД-2. На несправядлівы механізм размеркавання грошай з "дарожнага падатку" звярталі ўвагу нават дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Напрыклад, Вольга Палітыка агучвала меркаванні сваіх выбарцаў: "У выніку выбарцы скардзяцца, што кожны год памер падатку павялічваецца, людзі плацяць усё больш і больш, але на канкрэтныя дарогі, па якіх яны ездзяць, грошай вылучаецца ўсё менш".
Падчас дыскусіі ў эфіры tut.by начальнік сектара транспартнай бяспекі Міністэрства транспарту і камунікацый Павел Брэчко паведаміў, што цяпер распрацоўваюцца прапановы наконт зменаў у "дарожным падатку". Адна з іх датычыць пераразмеркавання сродкаў.
"Наколькі мне вядома, ухіл будзе на мясцовыя дарогі. Калі раней сродкі ішлі на рэспубліканскія дарогі, то цяпер на мясцовыя", — патлумачыў чыноўнік.
Як паведамлялася нядаўна, больш за палову ўладальнікаў аўтатранспарту ў Беларусі не прайшлі сёлета абавязковы тэхагляд, бо перад ім трэба плаціць "дарожны падатак". Аўтааматары аддаюць перавагу штрафу за няпройдзены тэхагляд, бо ён меншы.