У Мсціславе знайшлі берасцяную грамату XII ст. і фрагмент з трызубам
Гэтую сенсацыйную знаходку зрабілі на мясцовым замчышчы падчас раскопак, якія праводзіць Ігар Марзалюк. (ВІДЭА)
Дагэтуль у нашай краіне знаходзілі толькі дзве берасцяныя граматы — у Віцебску і Мсціславе. І вось трэцяя ўнікальная знаходка.
Вось што расказаў Еўрарадыё археолаг Ігар Марзалюк:
"Мы зафіксавалі берасцяную грамату ў слоі першай паловы XII стагоддзя... Чым яна цікавая? Яна мае непасрэднае дачыненне да навучання дзяцей. Па сутнасці, перад намі маленечкі сшытачак першакласніка. Гэта не нейкі звязаны тэкст, а літары, напісаныя яшчэ не вельмі ўпэўненай дзіцячай рукой, малюначкі".
Марзалюк кажа, што знаходка берасцяной граматы — гэта мара яго ўсяго жыцця, і яна збылася. Паводле яго слоў, знаходак вельмі шмат. Між іншым, знайшлі фрагмент яшчэ адной загатоўкі граматы. На ёй ёсць дзве літары і выразаны княскі знак — трызубец.
Ігар Марзалюк не збіраецца аддаваць берасцяную грамату ў Мінск. Лічыць, што трэба пакідаць у Мсціславе (бо адну грамату, знойдзеную ў горадзе, ужо забралі ў Магілёў) і рабіць гісторыка-археалагічны запаведнік. "Гэтым я буду займацца як сенатар і археолаг", — сказаў ён у каментары Еўрарадыё.