На Менцы археолагі знайшлі могілкі XI стагоддзя
Раскопкі на Менцы
На гарадзішчы на Менцы (Мінскі раён) археолагі знайшлі могілкі XI стагоддзя, паведамляе "Спутнік". Яны знаходзіліся ўнутры гарадскіх сцен. Гэта можа азначаць, што побач была царква (недалёка ад уезду ў гарадзішча з заходняга боку). Археолаг Андрэй Вайцяховіч кажа, што знаходка стала нечаканасцю. Пахаванні каля храма былі статуснымі і там маглі быць пахаваныя толькі прадстаўнікі мясцовай эліты, тыя ж святары.
Вайцяховіч мяркуе, што на гарадзішчы на Менцы знаходзілася самая старажытная хрысціянская царква ў гэтым рэгіёне. Лакалізаваць яе будзе дастаткова складана, паколькі яна найхутчэй была драўлянай.
Сёлета навукоўцы паставілі кропку ў дыскусіі, дзе першапачаткова знаходзіўся Мінск. Гэта гарадзішча на рацэ Менка ў Мінскім раёне. Маштабныя археалагічныя даследаванні, якія з 2023-га там праводзяцца, паказалі, што ўжо ў канцы Х стагоддзя там быў сапраўдны горад, які "згас" у XII стагоддзі. Плануецца стварыць на Менцы музейны комплекс.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.