Навукоўцы паставілі кропку ў дыскусіі, дзе першапачаткова знаходзіўся Мінск
Археолагі знайшлі старажытны Менск
Навукоўцы паставілі кропку ў дыскусіі, дзе першапачаткова знаходзіўся Мінск. Загадчык цэнтра археалогіі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук РБ Аляксей Аўласовіч заявіў у інтэрв'ю БЕЛТА, што гэта гарадзішча на рацэ Менка ў Мінскім раёне. Там плануецца стварыць музейны комплекс.
Першая згадка пра Мінск датуецца сакавіком 1067 года. Тады кіеўскія князі ваявалі з полацкім князем Усяславам Чарадзеем і спалілі летапісны Менск. Мяркуецца, што ў той час горад быў на рацэ Менцы ў раёне вёскі Гарадзішча.
Маштабныя археалагічныя даследаванні, якія з 2023-га праводзяцца на Менцы, паказалі, што ўжо ў канцы Х стагоддзя там быў сапраўдны горад (знаходкі пацвярджаюць знаходжанне там княскай адміністрацыі). Паселішча, якое існавала на Нямізе, з ім немагчыма параўнаць. Але ў XII стагоддзі сітуацыя змянілася: горад на Менцы "згасае", а на Нямізе актыўна развіваецца.
"Так што мы можам паставіць кропку ў гэтай дыскусіі, — кажа Аўласовіч. — Было два паселішчы. Аднак Мінск зарадзіўся менавіта на Менцы. А далей адбыўся перанос духу горада на Нямігу ўжо пры Глебе Мінскім".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.