У МЗС Расіі кажуць пра пастаянны кантакт з бацькамі і адвакатамі Сафіі Сапега

Сафія Сапега / БЕЛТА
Сафія Сапега / БЕЛТА

Расійскія дыпламаты трымаюць пастаянны кантакт з бацькамі і адвакатамі Сафіі Сапега, асуджанай у Беларусі. Пра гэта заявіла на брыфінгу афіцыйная прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава.

Па яе словах, амбасада РФ у Мінску займаецца лёсам расіян, якія знаходзяцца пад следствам або асуджаныя ў Беларусі, у тым ліку за "антыўрадавую дзейнасць або ўдзел у несанкцыянаваных акцыях". Захарава кажа, што гэтую тэму пастаянна абмяркоўваюць на сустрэчах кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі.

"Мы рэгулярна заклікаем партнёраў да максімальна гуманных адносін да такіх асобаў. Што датычыць расіянкі Сафіі Сапега, то консульскія супрацоўнікі знаходзяцца ў пастаянным кантакце з яе бацькамі і адвакатамі. І гэта не проста нейкія дыпламатычныя кантакты, гэта рэгулярная праца па ўсіх тых аспектах, якія мы абавязаны адпрацоўваць. Што мы і робім", — кажа Захарава.

10 студзеня стала вядома, што Сафіі Сапега адмовілі ў памілаванні. Перад гэтым яе бацькі аплацілі штраф у 175 тысяч рублёў. Сама дзяўчына напісала хадайніцтва на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Сафію затрымалі 23 траўня 2021 года разам з Раманам Пратасевічам пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Мінску. Яе абвінавацілі ў адміністраванні тэлеграм-канала "Чорная кніга Беларусі".

Дзяўчына асуджаная на шэсць гадоў калоніі агульнага рэжыму на закрытым судзе. Яе прызналі вінаватай па двух артыкулах КК — ч. 3 арт. 130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці, варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых арганізаванай групай асоб, якія пацягнулі іншыя цяжкія наступствы) і ч. 1 арт. 179 (незаконнае збіранне альбо распаўсюд звестак аб прыватным жыцці, якія складаюць асабістую ці сямейную тайну іншай асобы, без яе згоды, якія пацягнулі прычыненне шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелых).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі