У Нясвіжы ў работніцы аптэкі быў фальшывы дыплом аб вышэйшай медадукацыі
У Нясвіжы ў работніцы аптэкі быў фальшывы дыплом аб вышэйшай медыцынскай адукацыі. Ён сведчыў, што яна ў 2021-м скончыла ў Віцебску медуніверсітэт па спецыяльнасці "Фармацыя". Пасля таго, як у далейшым у працадаўцы ўзніклі сумненні наконт сапраўднасці дакумента, ён звярнуўся да праваахоўнікаў, і дакумент вывучылі эксперты.
Як паведамляе sudexpert.gov.by, высветлілася, што бланк дыплома быў выраблены не прадпрыемствам, якое гэтым займаецца. Серыйны нумар, іншыя выявы бланка "выкананы спосабамі электрафатаграфічнага і плоскага афсетнага друку", а элементы абароны імітаваныя. Была распачата крымінальная справа.
Жанчына патлумачыла, што ніколі ў згаданым ВНУ не вучылася. Незапоўнены бланк дыплома яна атрымала ад знаёмай, якая жыве ў Расіі. Пасля гэтага самастойна яго запоўніла, каб уладкавацца на працу ў аптэку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.