У Польшчы грамадзянін Беларусі трапіў у следчы ізалятар за хатні гвалт
Беларусу пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі
У Польшчы ў горадзе Гнезна 48-гадовы грамадзянін Беларусі трапіў на тры месяцы ў следчы ізалятар за хатні гвалт. Мужчына падазраецца ў псіхічным і фізічным гвалце над жонкай. 50-гадовая жанчына трапіла ў бальніцу з пераломам некалькіх рэбраў, паведамляе мясцовая паліцыя.
Здарэнне адбылося 1 сакавіка. Патруль паліцыі прыбыў на выклік пра сварку ў адной з кватэр. Мужчына пераконваў паліцэйскіх, што ўмяшанне не патрабуецца, бо ніякай сваркі не было, а яго жонка нібыта проста ўпала. Але ў яго словы не паверылі. Тым больш, што жанчына скардзілася на моцны боль у грудзях. Ёй выклікалі хуткую дапамогу, якая завезла яе ў бальніцу. Мужчыну ж затрымалі. Дарэчы, ён быў цвярозы.
Паліцыя сабрала доказы, што з 2022 года жанчына была ахвярай хатняга гвалту. Яна цярпела і абразы, і збіццё, і нават пагрозы пазбаўлення жыцця. За "жорсткае абыходжанне з блізкім чалавекам і парушэнне фізічнай недатыкальнасці" беларусу пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.