У “Прэзідэнт-гатэлі” жывуць расіяне, у хостэлах — турысты з Захаду

“Турысты з 37 краін жывуць у нас: Расія, Латвія, Чэхія, Славакія. Нумар каштуе 18-20 еўра — гэта толькі пражыванне”, — агучваюць Еўрарадыё кошты ў “фан-вёсцы”, комплексе інтэрнатаў, з якога на час чэмпіянату выселілі студэнтаў.

І дадаюць, што замежнікі не буяняць.

“Прэзідэнт-гатэлю” турыстаў хапіла: цалкам запоўнены, кажуць у адміністрацыі. Найбольш прыехала з Расіі.

“Зборная па хакеі з Расіі ў нас жыве. Адпаведна, і іх заўзятары ў нас жывуць. На сёння гасцініца запоўненая”, — кажуць у адным з самых дарагіх гатэляў Мінска. Нумар тут каштуе ад 248 долараў за суткі.

Новы гатэль “Рэнесанс” сеткі Marriott засяліў 6 хакейных зборных. Двухмесны нумар тут абыходзіцца ў больш чым 200 долараў за суткі.

“Самі каманды жывуць, плюс суправаджаючыя. Гэта на сёння наша асноўная загрузка. Загрузка вельмі высокая: жывуць зборныя Канады, Чэхіі, Славакіі, Нарвегіі, Швецыі, Даніі”, — пералічваюць у адміністрацыі гасцініцы.

Новы пяцізоркавы гатэль “Пекін” чакае 90% загрузкі на канец чэмпіянату. Асноўныя турысты — з Еўропы, Кітая і Сярэдняга усходу, паведамляюць у гатэлі, дзе стандартны нумар каштуе 280 долараў за суткі.

Больш ліберальныя кошты ў хостэлах. Месца ў Trinity-хостэл, што ў Траецкім прадмесці, абыходзіцца замежніку у 16 долараў. Асноўныя пастаяльцы — турысты з Заходняй Еўропы. Але запоўненасць нізкая.

“Прыязджаюць заўзятары, але не магу сказаць, што іх натоўп. Як і ў звычайныя месяцы. Жывуць фіны, канадцы, немцы і расіяне жывуць таксама. Вельмі шмат з Заходняй Еўропы. Людзі адэкватныя, разумныя, цывілізаваныя”, — расказвае пра заўзятараў Ксенія Курусь, дырэктар сеткі хостэлаў “Treveler”.

Кошты з пачатку чэмпіянату хацелі падняць удвая, працягвае Ксенія. Але ажыятажу не было — давялося знізіць.

“Зразумелі, што прыходзіць шмат заяў, і калі людзі даведваюцца кошт, адмаўляюцца. Таму цяпер можна пасяліцца ад 16 долараў”, — дадае Ксенія.

Па падліках арганізатараў чэмпіянату, цяпер гатэлі запоўненыя на 60%, а на канец тыдня прагназуецца 90% занятых месцаў.

Праз заходнюю мяжу па квітках без візы ў Беларусь прыехала 26 тысяч турыстаў. Усяго ж на матчы прададзена больш за паўмільёна квіткоў.

Фота: ctv.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі