У Пружанах гаспадар аўто гнаўся за ўгоншчыкамі на таксоўцы
Жыхар Пружанаў звярнуўся ў міліцыю з заявай пра знікненне аўтамабіля 2008 года выпуску. Як паведамляе прэс-служба УУС Брэсцкага аблвыканкама, мужчына пакінуў "Фальксваген" у двары дома, дзе пражывае яго брат. Увечары аўтамашына знікла з дваровай стаянкі.
Міліцыянты выявілі, што да брата аўтаўладальніка прыйшлі госці — тры раней судзімыя жыхары Пружанаў. Падчас вечарынкі гаспадар дома заснуў. Тады адзін з гасцей узяў ключы ад чужой машыны, і ўся тройца паехала ў суседнюю вёску.
Аднак менавіта ў гэтай вёсцы нарадзіўся ўладальнік машыны. Яго землякі пабачылі знаёмае аўто з невядомым шафёрам і затэлефанавалі гаспадару.
Гаспадар "Фальксвагена" злавіў таксоўку і паехаў на пошукі свайго аўто. Яму ўдалося не толькі знайсці машыну, але і нейкі час яе пераследваць.
Праўда, затрымаў угоншчыкаў усё ж такі экіпаж ДАІ. Пры гэтым адзін з угоншчыкаў спаў.
На 35-гадовага кіроўцу склалі пратакол за кіраванне без правоў у п'яным выглядзе. Акрамя гэтага, на яго пачалі крымінальную справу за ўгон.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.