У Расіі хочуць канфіскоўваць маёмасць у "нягоднікаў" за фэйкі пра войска

Пра дэталі законапраекта распавёў спікер Дзярждумы РФ Вячаслаў Валодзін

Пра дэталі законапраекта распавёў спікер Дзярждумы РФ Вячаслаў Валодзін / @duma_gov_ru

У Расійскую Дзярждуму ўнесены законапраект аб канфіскацыі маёмасці ў асуджаных па палітычных артыкулах. Калі закон прымуць, то дзяржава зможа забіраць грошы і нерухомасць у грамадзян, якія былі асуджаныя за "фэйкі" пра ВС РФ, за заклікі да санкцый, "ажыццяўленне дзеянняў, накіраваных на парушэнне цэласнасці РФ", рэабілітацыю нацызму і па шэрагу іншых артыкулаў КК Расіі, якія выкарыстоўваюцца для ціску на іншадумцаў.

У суботу з'яўленне такога законапраекта анансаваў спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін. Паводле яго слоў, гэты дакумент дазволіць "караць нягоднікаў, у тым ліку дзеячаў культуры, якія падтрымліваюць нацыстаў, льюць бруд на нашу краіну, салдат і афіцэраў, якія ўдзельнічаюць у СВО". Ён таксама расказаў, што распрацаваны законапраект дазваляе "канфіскоўваць грошы, каштоўнасці ці іншую маёмасць, а таксама на рашэнне суда пазбаўляць ганаровых званняў".

Нагадаем, падобную практыку і рыторыку ў дачыненні да апанентаў дазваляюць сабе і беларускія ўлады. У прыватнасці, была прададзеная з аўкцыёну кватэра Сяргея і Святланы Ціханоўскіх, арыштаваная кватэра прызёркі Алімпійскіх гульняў Аляксандры Герасімені. А прапагандыст Рыгор Азаронак заклікаў канфіскаваць кватэру Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі