У Расіі пачалі судзіць беларусаў за дыверсію на чыгунцы

Кірыл Басько і Арцём Брэсцкі

Кірыл Басько і Арцём Брэсцкі / zona.media

У Расіі пачалі судзіць беларусаў Кірыла Басько і Арцёма Брэсцкага за дыверсію на чыгунцы. Следства сцвярджае, што хлопцы дзейнічалі па заданні прадстаўніка ўкраінскай разведкі і атрымалі ад яго грошы (крыху больш за 700 долараў — атрымалі на картку ў расійскіх рублях). Як піша "Коммерсант", крымінальную справу разглядае Маскоўскі абласны суд.

Дыверсія адбылася ў снежні 2022-га на тэрыторыі дэпо Арэхава-Зуева ў Падмаскоўі. Беларусы, якім было 19-20 гадоў, пазнаёміліся ў Telegram з нейкім Юрыем, які прапанаваў працу — за грошы пашкодзіць чыгунку ці лакаматыў. Хлопцы якраз страцілі працу, і пагадзіліся. Яны вырашылі падпаліць электравоз, для чаго ўзялі з сабой каністру з бензінам. Звонку падпаліць не ўдалося, таму "дыверсанты" ўскрылі кабіну машыністаў і там разлілі, а пасля падпалілі бензін. Беларусы знялі ўсё на відэа, якое адаслалі і атрымалі абяцаныя грошы.

Па версіі ФСБ, хлопцы планавалі новыя дыверсіі і набылі дзве каністры з бензінам, якія схавалі ў хостэле, дзе звычайна начавалі. Аднак небяспечную вадкасць выявіла прыбіральшчыца, якая паведаміла пра знаходку гаспадарам установы, а тыя — у праваахоўныя органы. Так спецслужбы выйшлі на хлопцаў і затрымалі іх на станцыі Масква-Курская.

Спачатку затрыманым выставілі абвінавачванне ў "наўмысным знішчэнні або пашкоджанні маёмасці шляхам падпалу, якое пацягнула цяжкія наступствы". Але калі следства высветліла, што фігуранты дзейнічалі па заданні СБУ, расследаваннем заняліся супрацоўнікі следчага ўпраўлення УФСБ па Маскве і вобласці. Абвінавачванне перакваліфікавалі на значна больш цяжкае — "дыверсія, здзейсненая групай асоб па папярэдняй змове, якая прычыніла значны маёмасны ўрон". Беларусам пагражае ад 12 да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Басько і Брэсцкі віну прызналі адразу ж пасля затрымання. Па словах іх адваката, абодва фігуранты актыўна супрацоўнічалі са следствам у надзеі на больш мяккае пакаранне і распавялі ўсё, што ім было вядома аб заказчыку.

Падчас папярэдніх слуханняў, якія прайшлі ў канцы снежня 2023-га, адвакаты падсудных хадайнічалі аб разглядзе справы калегіяй з трох суддзяў — так, на думку абароны, будзе забяспечана максімальная аб'ектыўнасць. Пракурор не пярэчыў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі