У Расіі прадаюць падробленае масла з “м. Маладзечна”. Кажуць, яно нясмачнае

У Расіі прадаюць падробленае масла з “м. Маладзечна”. Кажуць, яно нясмачнае

У расійскіх харчовых крамах можна набыць масла, быццам бы вырабленае ў Беларусі. Мяркуючы па ўпакоўцы, яго вытворца — прадпрыемства “Белорусский Домъ Масла”, якое знаходзіцца ў Маладзечне. Але, калі ўважлівы пакупнік прыгледзіцца да ўпакоўкі, у яго абавязкова ўзнікне некалькі пытаннечкаў.

Калі верыць вытворцам, “выробник” [тут і далей арфаграфія аўтараў упакоўкі захаваная. — Еўрарадыё] гэтага масла знаходзіцца па адрасе “вул. Нагорная, 7, м. Маладзечна [відаць, маецца на ўвазе мястэчка Маладзечна], Минская вобласць, Рэспубліка Беларусь”. У беларускім нумары тэлефона, які можна знайсці тут жа, адна лічба — лішняя.

У Расіі прадаюць падробленае масла з “м. Маладзечна”. Кажуць, яно нясмачнае
Фота: Кацярына Раханская

Вядома, што ў Расіі беларускія прадукты карыстаюцца добрай рэпутацыяй. Але ў гэтым выпадку спажыўцы ад якасці масла плююцца:

“Пад выглядам масла 82,5% прадаецца маргарын або спрэд (экспертызу не рабіў). Смак для маргарыну нармальны, але гэта дакладна не масла”, — пішуць на адным форуме з водгукамі.

“Расплываецца нават у халадзільніку, без смаку і паху, ліпкі маргарын. Ніяк не масла!” — скардзіцца яшчэ адзін пакупнік.

Па адрасе вуліца Нагорная, 7 у Маладзечне сапраўды размяшчаецца малочны камбінат, прадукцыя якога прадаецца пад брэндам “Маладзея”. Тэлефануем туды, і даведваемся, што масла вырабляецца толькі ў філіялах “Маладзеі” ў Валожыне і Вілейцы. У Маладзечне вытворчасці масла няма.

Але ў любым выпадку, кажуць Еўрарадыё ў аддзеле збыту Маладзечанскага малочнага камбіната, сваё масла яны ў Расію не прадаюць. Ні пад брэндам “Маладзея”, ні пад якім іншым.

“Мы закрытыя для Расіі. Дакументы на Расію не даём, прадукцыю туды не адгружаем, — адказваюць Еўрарадыё на прадпрыемстве. — Па ўсёй Расіі можна знайсці ўсё што заўгодна, любы беларускі брэнд. Таму гэта нават не дзіўна!”

У 2016 годзе Маладзечанскі малочны камбінат трапіў пад санкцыі Расспажыўнагляду за няякаснае масла “Беларускае”. Але малочнікі сцвярджаюць, што і той прадукт быў расійскай падробкай. Тым не менш, расійскі рынак для беларускага прадпрыемства закрылі. І вось — наступны фальсіфікат.

Больш важных і цікавых навінаў за 17.12 у праграме "Петарда"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі