У рэйтынгу FIFA Беларусь апусцілася на 6 пазіцый, Люксембург падняўся на 35
14 верасня FIFA апублікавала абноўлены рэйтынг футбольных зборных. Для беларусаў ён зусім не радасны. Пасля паражэнняў ад Люксембурга (0:1 — у гасцях) і Швецыі (0:4 — дома) дружына Ігара Крывушэнкі апусцілася на 6 пазіцый, страціла 49 ачкоў і займае толькі 77-е месца. А вось зборная Люксембурга дадала 120 ачкоў і паднялася на 35 пазіцый, яна займае цяпер 101-е месца (акрамя перамогі над беларусамі была яшчэ сенсацыйная нічыя з французамі). Да ўваходу ў першую сотню рэйтынгу застаўся адзін крок.
Зборная Германіі па выніках мінулага месяца вярнула сабе лідарства, бразільцы цяпер толькі другія. На трэцім месцы засталася зборная Партугаліі.
Фота: БЕЛТА