У РНПЦ эпідэміялогіі расказалі, калі ў Беларусі спадзе захворвальнасць на COVID
У панядзелак у мінскіх паліклініках утварыліся вялікія чэргі / citydog.by
Новая хваля каранавіруса ў Беларусі пойдзе на спад праз 1,5-2 месяцы, мяркуе загадчыца лабараторыі дыягностыкі ВІЧ і спадарожных інфекцый РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Алена Гасіч.
"Паводле досведу краін, якія ўжо праходзяць гэтую эпідэмію, хутчэй за ўсё, гэта будзе паўтара-два месяцы. Але шмат у чым гэта залежыць яшчэ і ад кожнага з нас", — заявіла яна ў эфіры беларускага тэлебачання.
Паводле слоў спецыялісткі, цяпер Беларусь увайшла "ў хвалю распаўсюджання эпідэміі". Асноўнай прычынай зрабіўся штам "амікрон", які быў выяўлены ў нашай краіне ў канцы снежня.
"Калі казаць пра каранавірус, прыкладна 90% новых выпадкаў прыпадае на варыянт "амікро" па Мінску", — адзначыла Гасіч. Але сустракаецца і штам "дэльта". Акрамя таго, людзі хварэюць і на грып, якога не было ў мінулым сезоне.
"Але на працягу апошніх двух тыдняў пераважае каронавірусная інфекцыя", — падкрэсліла спецыялістка.
Напярэдадні Міністэрства аховы здароўя заявіла пра рэкордную колькасць выяўленых новых выпадкаў каранавірусу за суткі — амаль 5 тысяч. Праз вялікую колькасць хворых Міністэрства аховы здароўя дазволіла дактарам у паліклініках ставіць дыягназ "інфекцыя COVID-19" без абавязковага ПЦР- або антыген-тэставання. А самі паліклінікі перавялі на працу без выхадных.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.