У Сейме Латвіі пачала дзейнічаць група падтрымкі дэмакратычнай Беларусі
Аліна Коўшык і ўдзельнікі групы падтрымкі дэмакратычнай Беларусі / t.me/CabinetBelarus/
У Сейме Латвіі пачала дзейнічаць група падтрымкі дэмакратычнай Беларусі. У яе інаўгурацыі паўдзельнічала прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага пераходнага кабінета Аліна Коўшык.
Як піша @CabinetBelarus, у групе падтрымкі дэмакратычнай Беларусі ўдзельнічае 10 дэпутатаў з пяці фракцый Сейма. Яе ўзначальвае Лэйла Расіма. Падчас працоўнага пасяджэння абмяркоўваліся магчымасці падтрымкі беларускай дыяспары ў Латвіі і дапамогі беларускім дэмакратычным сілам.
"Мы шчыра вітаем стварэнне парламенцкай групы сяброў Беларусі ў Сейме Латвіі і спадзяёмся на яе плённую працу з дэмакратычнымі сіламі Беларусі ўзамен тых састарэлых і слушна адрынутых сувязяў, якія латвійскі парламент калісьці меў з інстытутамі лукашэнкаўскага рэжыму", — кажа Коўшык.
Яшчэ год таму ў латвійскім парламенце стварылі групу сяброў Беларусі з 19 чалавек. Дэкларавалася супрацоўніцтва з беларускімі дэмсіламі ў міжнародных інстытуцыях.
Вельмі актыўна дзейнічае міжфракцыйнае аб'яднанне "За дэмакратычную Беларусь" у Вярхоўнай Радзе Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.