У Варшаве прэзентавалі “Мову ці каву”

Кацярына падрабязна распавяла пра сваю ініцыятыву, а таксама правяла невялікі адкрыты ўрок, каб усе ахвотныя маглі атрымаць уяўленне, як падобныя заняткі адбываюцца ў Мінску і Маскве. На сустрэчу прыйшло каля 30 чалавек, сярод якіх былы кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч і гродзенскі журналіст Андрэй Пачобут.



Калі праект выкліча цікавасць у беларусаў Варшавы, то не выключана, што сустрэчы “Мовы ці кавы” ў польскай сталіцы працягнуцца.



"Мова ці кава" — бясплатныя курсы беларускай мовы, запачаткаваныя ў Маскве і Мінску журналісткай Кацярынай Кібальчыч. Заняткі адбываюцца раз на тыдзень у вечаровы час за кубкам кавы, працягласць — каля 2 гадзін.



Аўтарка праекта Кацярына Кібальчыч – журналістка Першага канала расійскай тэлевізіі, у 2010 годзе атрымала прэмію “Залатое пяро Расіі” ў катэгорыі “Спецыяльны карэспандэнт” за рэпартажы пра выбары ў Беларусі. Яна рэжысёрка папулярнага фільма “Беларуская мара” пра жыццё пад уладай Аляксандра Лукашэнкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі