У Варшаве ўзнагародзілі замежных журналістаў, якія пішуць пра Беларусь

Пераможцаў узнагародзілі 15 красавіка ў Варшаве. Журы выбірала лепшыя артыкулы ў дзвюх групах — сярод прафесійных журналістаў і пачаткоўцаў.

У конкурсе прафесійных журналістаў перамаглі Сімон Бук з Германіі з артыкулам "Выгадныя прапановы Лукашэнкі", Пол Флюкігер (Швейцарыя) з артыкулам “Рэпрэсіі напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі” і Малгажата Лазоўская з Расіі з матэрыялам “Калі хочаш быць мільянерам — едзь у Беларусь”.

Сімон Брук распавёў Еўрарадыё, што не ўся нямецкая аўдыторыя ацаніла яго артыкул гэтак жа, як журы конкурсу.

Сімон Брук: “Я атрымаў некалькі мэйлаў, у якіх людзі пісалі, што фокус майго матэрыялу няправільны, што я выбраў неўласцівых людзей у якасці герояў. Але былі і людзі, якія казалі, што мой артыкул цікавы, што я паказваю цікавы пункт гледжання на Беларусь. Я думаю, што збольшага нямецкая аўдыторыя цікавіцца Беларуссю, але не ведае, як там выглядае жыццё. Немцы маюць чорна-белае ўспрыняцце Беларусі. У СМІ мала распавядаюць пра гэтую краіну”.

Былі ўзнагароджаныя і пераможцы з групы "Пачаткоўцы". Імі сталі Жоа дэ Амеіда Дыяс (Партугалія) з артыкулам “Супраціўляемся, але не чакаем сюрпрызаў”, Паўла Бароўская (Польшча) з артыкулам “Нефармальная адукацыя ў Беларусі: Раскрыццё патэнцыялу грамадзянскай супольнасці” і Эва Каранада Алонса (Іспанія), “Беларуская мова хоча на сваё месца”.

Жоа дэ Амеіда Дыяс распавёў Еўрарадыё, што яго ўвагу да нашай краіны прыцягнула фармулёўка “апошняя дыктатура Еўропы”, і журналіст зацікавіўся — як жывецца ў Беларусі.

Жоа дэ Амеіда Дыяс: “Калі паглядзець на Беларусь вокам журналіста, то можна знайсці шмат гісторый. Можа, гэта будуць не шчаслівыя гісторыі, а, хутчэй, сумныя ў пэўным сэнсе, але іх варта распавядаць. Свету варта распавесці, хто такі Алесь Бяляцкі. Варта распавесці пра тое, што музыкі, нелаяльныя да ўлады, не маюць права граць канцэрты. Пэўныя рэчы, якія нам у Заходняй Еўропе падаюцца звычайнымі, у Беларусі такімі не з’яўляюцца”.

Падчас цырымоніі таксама быў абвешчаны лаўрэат спецыяльнага прыза ад газеты The Guardian. Ён уключае ў сябе тыднёвы курс навучання для журналістаў з Беларусі ў рэдакцыі The Guardian. Узнагароду атрымаў Яўген Карпаў (Беларусь) за артыкул пра Чэмпіанат свету па хакею ў Беларусі “Чэмпіянат у чужым доме”.

Пераможцай у он-лайн конкурсе стала праца Алены Андрушанка (Украіна) “Свет строгага рэжыму”.

Сёлета на конкурс “Беларусь у фокусе 2014” быў дасланы 51 артыкул, напісаны 40 аўтарамі з 14 краін. А ў складзе журы былі такія асобы, як Майкл Андэрсан, дырэктар праграмы СМІ фонду "Mymedia" (Данія), Браян Бонэр, галоўны рэдактар газеты "Kyiv Post" (ЗША), Джодзі Гінзбург, дырэктар "Index on Censorship" (United Kingdom), Таміна Кучар, рэдактар "n-ost" — журналісцкай сеткі пра Усходнюю Еўропу (Германія), а таксама Павел Шарамет, рэдактар сайта “Беларускі Партызан” (Беларусь). Па словах апошняга, чацвёрты конкурс “Беларусь у фокусе” адрозніваўся ад папярэдняга сур’ёзнасцю матэрыялаў.

Павел Шарамет: “Трэба адзначыць, што ў гэтым годзе было больш сур'ёзных матэрыялаў, чым ў мінулым. Было больш палітычных матэрыялаў, магчыма, гэта звязана з Майданам, але было і шмат бытавых замалёвак з Чэмпіянату свету па хакеі".

Прачытаць артыкулы лаўрэатаў і пераможцаў можна на старонцы конкурсу

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі