У Вашынгтоне прайшла сустрэча амерыканскіх і беларускіх дыпламатаў

Дзярждэпартамэнт ЗША паведаміў, што яшчэ 14 траўня ў Вашынгтоне прайшла сустрэча амерыканскіх і беларускіх дыпламатаў. З амерыканскага боку ў ёй удзельнічалі намеснік памочніка дзяржсакратара па пытаннях Еўропы і Еўразіі Эрык Рубін, выканаўца абавязкаў намесніка памочніка сакратара па правах чалавека, дэмакратыі і працы Філіп Каплан і намеснік памочніка адміністратара праграмы замежнай дапамогі USAID па Еўропе і Еўразіі Джонатан Кац.

З беларускага боку на сустрэчы прысутнічалі генэральны дырэктар дэпартаменту МЗС Беларусі па шматбаковай дыпламатыі Юрый Амбразевіч, дырэктар дэпартаменту Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі Алег Краўчанка, а таксама часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША Павел Шыдлоўскі.

Як інфармуе Радыё Свабода, гаворка ішла пра правы чалавека, сёлетнія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, пра агульныя абавязацельствы Беларусі і ЗША ў межах АБСЕ падтрымліваць свабоду выказванняў, мірных сходаў і асацыяцый, важнасць спрыяння развіццю грамадзянскай супольнасці і незалежных сродкаў масавай інфармацыі.

У паведамленні Дзярждэпартаменту ЗША падкрэсліваецца, што амерыканскі бок на перамовах паўтарыў заклік да беларускіх уладаў неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных і паважаць іх палітычныя правы. Нагадаем, самы вядомы беларускі палітвязень — гэта экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч. Ён знаходзіцца за кратамі са снежня 2010 года.

Фота: АР

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі