У віцебскім анкадыспансеры разбурыўся будынак, адкуль хворым ішоў кісларод
У віцебскім абласным клінічным анкалагічным дыспансеры разбурыўся будынак станцыі, адкуль падаваўся кісларод у корпусы з хворымі. У ім абвалілася сценка.
У каментары TUT.by галоўная лекарка анкадыспансера Анжэла Томчына паведаміла, што здарэнне адбылося яшчэ ў пятніцу, 26 сакавіка: "Але мы аператыўна справіліся з сітуацыяй: хворых перавялі ў новы корпус, а кісларод пачалі падаваць з іншай станцыі ў нашай бальніцы".
Прычыну здарэння яна тлумачыць перагрузкамі пры лекаванні хворых на COVID-19: станцыя не была разлічаная на такую колькасць колькасць балонаў, якая выкарыстоўваецца пры цяперашняй пандэміі. "Раней, пры звычайнай нагрузцы, мы штодня выкарыстоўвалі каля 25 балонаў, а цяпер у суткі сыходзіла каля 100. Вібрацыя на сцены будынка была вялікай, і адбылося разбурэнне адной з іх", — удакладняе лекарка.
Яна запэўнівае, што меры былі прынятыя адразу, як па сценах будынка пайшлі расколіны. Пацыентаў перавялі ў рэанімацыю другога хірургічнага корпуса, які адкрыўся месяц таму. У будынку, дзе абрынулася сценка, адключылі падачу кіслароду, вынеслі адтуль усе балоны, перанеслі іх у іншую кіслародную станцыю — у новым хірургічным корпусе.
У разбураным корпусе зробяць рамонт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.