У Віцебску дэманстравалі старыя аўтамабілі (фота)

У суботу раніцай Віцебск апанавалі рарытэтныя аўтамабілі. У горадзе праходзіла выстава “Аўтарэтра-2009”, якую арганізаваў мясцовы культурна-гістарычны клуб “Аўтавіцязь” Экспазіцыя цягам дня пашыраецца — дабаўляюцца ўсё новыя машыны, што прыязжаюць з іншых рэгіёнаў Беларусі сваім ходам. Паводле кіраўніка клуба Яўгена Смольскага, аматары рэтрааўтамабіляў зладзілі выставу не толькі, каб пахваліцца сваімі “цацкамі”, але і каб прыцягнуць увагу як патэнцыйных новых сябраў клубу, так і гарадскіх уладаў.

На выставе сапраўды ёсць што паглядзець — тут і адзіны ў рэспубліцы стары пажарны ЗІС, і “Запарожац”, прыстасаваны да ўдзелу ў гонках, і шмат чаго іншага.

Вось што кажа Яўген Смольскі:

"Самы стары аўтамабіль на нашай выставе — Ханумак, 1935-36 год вырабу, ГАЗ 67 — армейскі пазадарожнік, яго зваць Іван Вілліс, год вырабу невядомы, але ён прымаў удзел у баях! Легендарная “эмачка” — М1. Вунь стаіць амерыканскі “Хамер”, а ёсць яшчэ самаробны...".

У асабістай калекцыі спадара Смольскага зараз чатыры рэтрааўтамабіля, дарэчы, тая самая “легендарная эмачка” таксама належыць яму. Яе рэстаўрацыя пакуль не завершаная. А першую сваю машыну-рэтра Яўген набыў за 50 долараў. Ішоў па вуліцы, ўбачыў стары “гарбаты” занядбаны “Запарожац”.

Каб давесці аўтасмецце да стану аўтарэтра, давялося набыць... яшчэ чатыры гэткіх жа! З пяці аўтамабіляў і сабраў адзін. Потым, па словах Яўгена Смольскага, за адрэстаўрыраваны “Запарожац” нейкі заможны аматар прапаноўваў яму кватэру ў сталіцы. Але не абмяняў. Кватэр ў Мінску, кажа, шмат, а такая машына — эксклюзіў!

У межах выставы рэтрамашыны ўдзельнічаюць у розных конкурсах — на самы стары аўтамабіль, самы добра адрэстаўрыраваны аўтамабіль, самы гучны аўтамабіль і гэтак далей. Увечары ў суботу старыя машыны рушаць па горадзе аўтапрабегам.

Восенню ў планах клуба — правесці раллі аўтарарытэтаў ці шматдзённы аўтапрабег.














Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі