У які дом засяляюць ахоўнікаў Лукашэнкі (ФОТА)
І ці фарбавалі дарогу і траву перад навабудам напярэдадні візіту кіраўніка краіны...
У пятніцу, 24 кастрычніка, дом па сталічнай вуліцы Тышкевічаў, 19 прымае сваіх жыльцоў. Сярод іх будуць і супрацоўнікі Службы аховы прэзідэнта. А кіраўнік дзяржавы прыедзе на ўрачыстае адкрыццё навабуда.
За дзень да мерапрыемства ў рэдакцыю Еўрарадыё звярнуліся жыхары мікрараёна Міхалова-1: ім падалося што дарогу перад домам для прэзідэнцкіх ахоўнікаў фарбуюць. Нехта заўважыў, што рабочыя перамяшчаюцца па тэрыторыі ў бахілах.
Прыязджаем на месца падзеяў. Па перыметры будучага мікрараёна будаўнікі завіхаюцца з рыдлёўкамі: раўняюць зямлю, якую пасля зімы азеляняць.
Асфальт ля 19-га дома — сапраўды ідэальнай чысціні, але ніякай фарбы не заўважаем. Хутчэй за ўсё, яго памылі, а бахіламі рабочыя карысталіся, каб празмерна не наслядзіць і не сапсаваць "карцінку" высокім гасцям. Трава, дарэчы, таксама аказалася непафарбаванай.