У Жлобіне працягваюць судзіць вайскоўцаў за ўдзел у пратэстах 2020-га

У войску працягваюць шукаць удзельнікаў пратэстаў

У войску працягваюць шукаць удзельнікаў пратэстаў / sb.by

У Жлобіне працягваюць судзіць вайскоўцаў за ўдзел у пратэстах 2020-га. Іх адпраўляюць пад арышт на гаўптвахту.

Як піша spring96.org, суддзя Жлобінскага раённага суда Святлана Андрэева за два дні (5 і 6 верасня) вынесла прысуды двум вайскоўцам. Яна прызнала іх вінаватымі ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх" (ч. 1 арт 342 Крымінальнага кодэкса). Хлопцы ўдзельнічалі ў масавай акцыі пратэсту ў Жлобіне ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года. Па звестках праваабаронцаў, суды па гэтай справе перавалілі за сотню.

Суд пастанавіў прызначыць Артуру Панчанку пакаранне ў выглядзе арышту на тэрмін тры месяцы. Тэрмін адбыцця пакарання вылічваць з дня накіравання для адбыцця арышту на гаўптвахту ваеннай камендатуры. Панчанка служыў па кантракце ў вайсковай часці на пасадзе старэйшага пажарнага выратавальніка ваеннай каманды супрацьпажарнай абароны і аварыйна-выратавальных работ у Жлобіне.

20-гадовы Максім Аўсяннікаў арыштаваны таксама на тры месяцы, гэты тэрмін правядзе на гаўптвахце. Ён праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў Барысаве. Сутнасць абвінавачання аналагічная першаму суду і прысуд напісаны як пад капірку, адзначаюць праваабаронцы.

Вясной 2023-га за ўдзел у пратэстах 2020-га суд Жлобінскага раёна ўжо судзіў вайскоўца Аляксандра Строкава. Яго адправілі на 2 месяцы арышту на гаўптвахту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі