У ЗША асудзілі арганізацыю нелегальнай міграцыі з Беларусі

Памочнік прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліва​н / Reuters
Памочнік прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліва​н / Reuters

У ЗША асуджаюць арганізацыю рэжымам Лукашэнкі патокаў нелегальных мігрантаў праз межы Беларусі. Гэта заявіў памочнік амерыканскага прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван падчас тэлефоннай размовы з прэм'ер-міністрам Літвы Інгрыдай Шыманіце. Падрабязнасці размовы прыводзіць прэс-служба Белага Дома.

Саліван таксама сказаў, што ў Вашынгтоне ўдзячныя Вільні "за прынцыповую замежную палітыку Літвы ў падтрымцы дэмакратыі і правоў чалавека, у тым ліку ў Беларусі".

З пачатку года на літоўска-беларускай мяжы былі затрыманыя больш за 4 тысячы нелегальных мігрантаў з краін Азіі і Афрыкі. Гэта ў 50 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год. Вільні прыйшлося ўвесці надзвычайнае становішча. З пачатку жніўня літоўская пагранслужба перастала затрымліваць нелегальных мігрантаў, а стала разгортваць іх назад у Беларусь. Аналагічная сітуацыя склалася і на межах Латвіі і Польшчы з Беларуссю. У гэтых краінах таксама ўведзена надзвычайнае становішча на межах.

8 верасня прадстаўніцтва ЕС у Беларусі аб'явіла дэмарш беларускаму МЗС "у сувязі з незаконнымі пераходамі мяжы з боку Беларусі ў Еўрапейскі саюз" і настойліва папрасіла "улады Беларусі спыніць гэтую практыку". У беларускім МЗС з абвінавачваннямі не згодныя.

Канцлер Германіі Ангела Меркель у гэтыя выхадныя зноў назвала крызіс з мігрантамі на мяжы "гібрыднай атакай" з боку Беларусі і заклікала афіцыйны Мінск "адумацца".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі