Указ аб харчбяспецы: рытэйл адыдзе ў цень, а прайграе ўсё роўна спажывец?
Эксперты лічаць, што буйны рытэйл заўсёды знойдзе пралаз / Еўрарадыё
У асяроддзі беларускіх прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў гандлю выклікаў неадназначную рэакцыю праект указа "Аб мерах па ўдасканаленні дзяржаўнага рэгулявання спажывецкага рынку". Як паказана ў абгрунтаванні праекта, ён закліканы аказаць падтрымку айчыннаму вытворцу і стварыць умовы для забеспячэння "нацыянальнай харчовай бяспекі".
Але не ўсе згодныя з яго эфектыўнасцю. Ёсць меркаванне, што гэты праект можа прывесці да рэзкага скачка цэн і павелічэння долі ценявой эканомікі. Чыноўнікі, дарэчы, таксама гэта згадваюць, але ў абгрунтаванні праекта пазначаюць, што гэта "ніяк не паўплывае на інтарэсы вытворцаў і канчатковага спажыўца". Еўрарадыё пацікавілася ў экспертаў, ці апраўданыя апаскі скептыкаў.
Што гэта за праект і чаму ён узнік?
— Сутнасць яго ў тым, што на цяперашні момант складваецца практыка неэквівалентнага абмену ў плане цэнаўтварэння паміж пастаўшчыкамі і вытворцамі, — расказвае Еўрарадыё сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў. — У праекце гаворыцца пра тое, што ў выніку такіх адносін у адрас буйных гандлёвых сетак адгружаецца прадукцыя з рэнтабельнасцю, якая даходзіць да мінус 25 адсоткаў. Але рынак склаўся так, што "не хочаш — не аддавай, іншыя аддадуць". Вось улады і ўводзяць абмежаванні на цэнаўтварэнне, на бонусы, на аплаты нейкіх спадарожных аперацый. Таму што гэта ў той ці іншай форме ўсё роўна ўваходзіць у цану, у канчатковы вынік сумеснай дзейнасці.
У абгрунтаванні праекта чыноўнікі таксама ківаюць на практыку Расійскай Федэрацыі, дзе законам устаноўлена, што сукупны памер узнагароджання суб'екту гаспадарання не можа перавышаць 5% ад цаны набытых харчовых тавараў.
— Зыходзячы з кантэксту дакумента, можна выказаць здагадку, што да дзяржавы прыйшлі неэфектыўныя вытворцы — тыя, хто не можа канкураваць на роўных з імпартнымі. Хутчэй за ўсё, замежныя вытворцы могуць прапанаваць рознічным сеткам больш высокую прэмію, і таму айчынныя прадпрыемствы сталі зазнаваць складанасці з рэалізацыяй тавараў, — мяркуе навуковы супрацоўнік цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Алег Мазаль. — Яны маглі папрасіць дзяржаву ўвесці такую абмежавальную меру, звязаную з усталяваннем надбаўкі. Айчынны вытворца можа дазволіць сабе надбаўку ў згаданых 5 адсоткаў, замежны ж можа сабе дазволіць заплаціць гандлёвым сеткам, скажам, 10 адсоткаў. Адпаведна, замежны вытворца можа больш эфектыўна прасоўваць сваю прадукцыю праз беларускія гандлёвыя сеткі. Магчыма, разлік на тое, што гандлёвыя сеткі больш ахвотна стануць купляць беларускі тавар, таму што цяпер умоўных 10 адсоткаў замежныя вытворцы плаціць не змогуць.
Буйны рытэйл усё роўна знойдзе "дзіркі"
Віктар Маргелаў скептычна ставіцца да такіх мер: хто захоча — той сваё возьме.
— На малы і сярэдні бізнес гэты ўказ мала ўплывае. І трэба разумець, што калі закрываць пралазы, якія дазваляюць буйным сеткам атрымліваць падвышаны даход, то ў кожным разе не ўсе гэтыя дзіркі закрытыя. Так, гэта крыху ўскладніць працэс: павысіць рэнтабельнасць вытворцаў, панізіць рэнтабельнасць буйных гандлёвых сетак. Але не выключана, што буйныя сеткі проста знойдуць іншыя пралазы, каб атрымаць свой бонус. Рэч у тым, што гэтыя ж прадпрыемствы Дзяржхарчпрама могуць прыпаўзці на каленях, маўляў, давайце нешта разам прыдумаем, каб бралі больш прадукцыі ў нас.
Алег Мазаль таксама мяркуе, што калі звязаць рукі буйному рытэйлу, то хутчэй прайграе дзяржава, чым пасярэднік.
— Думаю, што тут выкарыстоўваецца варыянт "падперці дзяржавай" айчыннага вытворцу, таму што ён не можа сабе гэтыя ўмоўныя 10 адсоткаў надбаўкі дазволіць. Таму, маўляў, давайце абмяжуем усім і будзем танцаваць вакол гэтых 5 адсоткаў. Але ёсць рызыка, што надбаўка, якая плацілася легальна, цяпер будзе плаціцца за межамі Беларусі або іншым, менш законным спосабам. А дзяржава проста недаатрымае пэўныя падаткі, і на гэтым усё. Як рухалася імпартная прадукцыя, так яна і будзе рухацца.
Што адчуе спажывец?
Як праект указа адаб'ецца на кашальку спажыўца?
— Я падазраю, што калі айчынны вытворца пралабіраваў такую прапанову, то, хутчэй за ўсё, гэта значыць, што ён не вытрымлівае цэнавай канкурэнцыі. Усё проста: калі мы спрабуем замясціць танную імпартную прадукцыю больш дарагой беларускай, то, натуральна, спажывец страціць, таму што давядзецца плаціць даражэй. Калі прадпрыемства не можа канкураваць, значыць, у іх, хутчэй за ўсё, высокі сабекошт прадукцыі. Адпаведна, будзьце ласкавыя плаціць больш высокую цану, — адказвае Алег Мазаль.
— Многія спажыўцы заўсёды знаходзяцца ў дваякім становішчы, — тлумачыць Віктар Маргелаў. — Напрыклад, ёсць спажывец — работнік піўзавода. Ён хоча купіць піва таннейшае, але, з іншага боку, ён хоча атрымаць зарплату большую. Але чым танней завод прадасць піва, тым меншы ў работніка будзе заробак.
Чаго ад гэтага ўсяго чакаць?
— Мы хочам абмеркаваць, наколькі сур'ёзна Мінгандлю мае намер займацца выраўноўваннем умоў гаспадарання. Відавочна, што адным гэтым указам карціну не выправіш, каб можна было лічыць, што на рынку ёсць добрасумленная, абгрунтаваная канкурэнцыя. Да гэтага яшчэ далёка, — перакананы Маргелаў. — Зразумела, што трэба імкнуцца да збалансаваных адносін. Добра адрэгуляваны рынак гэта выбудоўвае сам. На беларускім рынку вельмі моцныя інфраструктурныя перакосы, і ў гэтым выпадку цяжка ўявіць іншы варыянт, акрамя выкарыстання дзяржаўнага рэгулявання. Я, напрыклад, не ведаю, як цяпер можна дэманапалізаваць, скажам, "Еўраопт". Гэта будзе горшае рашэнне, чым пры дапамозе дзяржрэгулявання не даць "Еўраопту" танна закупляць тавар. У нашых рэаліях такі ўказ выглядае хутчэй станоўча, чым негатыўна. Пытанне ў тым, наколькі ён эфектыўны? Гэта пакажа час.
Дык чаму беларускія ўлады прыйшлі да такога абмежавальнага праекта? Што першапачаткова пайшло не так?
— Трэба было ствараць канкурэнтнае асяроддзе, больш займацца дэманапалізацыяй рознічнага гандлю для таго, каб была рэальная вялікая канкурэнцыя, — працягвае Віктар. — А ў нас цяпер алігапалізацыя. Напрыклад, да 80 адсоткаў алкаголю ў нашай краіне прадаюць буйныя гандлёвыя сеткі. Натуральна, з кім у такім выпадку Дзяржхарчпрам вядзе перамовы? І якія гэта перамовы, калі там чатыры кампаніі забіраюць 60 адсоткаў алкаголю? А было б гэтых кампаній больш — была б зусім іншая рэч: калі ты не купіш па такой цане — значыць, купіць іншы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.