Украіна атрымала ад ЗША каля 20 ракет ATACMS — The New York Times
ATACMS
Украіна атрымала ад ЗША каля 20 ракет ATACMS, піша The New York Times са спасылкай на заходніх чыноўнікаў. Як і чакалася, гэта больш ранняя версія ракеты з касетнай баявой часткай (у кожнай — 950 суббоепрыпасаў).
Мадыфікацыя ракеты ATACMS, якую атрымала Украіна, мае абмежаваную далёкасць дзеяння (да 165 км). Але "гэтага дастаткова, каб дасягнуць асноўных расійскіх базаў" на акупаванай тэрыторыі. ЗША паставілі ўмову ўкраінскім уладам не выкарыстоўваць згаданыя ракеты для ўдараў па тэрыторыі РФ.
Ракеты перадавалі таемна праз боязь, што расійскія войскі атакуюць транспарт з ракетамі ў момант дастаўкі ва Украіну. Акрамя таго, УСУ хацелі "паспрабаваць заспець расіян знянацку", піша выданне. І гэта атрымалася. Напярэдадні стала вядома пра паспяховы ўдар ракетамі ATACMS па аэрадроме ў акупаваным Бярдзянску. Там быў знішчаны склад з боепрыпасамі, спецтэхніка, верталёты (частка — пашкоджаныя). У сераду Генштаб Узброеных сіл Украіны паведаміў пра знішчэнне за мінулыя суткі 1 расійскага самалёта і 6 верталётаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.