Украіна заяўляе, што загадзя паклапацілася аб прызнанні ў Беларусі ID-пашпартоў

Украіна заяўляе, што загадзя паклапацілася аб прызнанні ў Беларусі ID-пашпартоў

Дэпартамент консульскай службы МЗС Украіны адрэагаваў на заяву беларускага Дзяржаўнага памежнага камітэта пра тое, што новыя ўкраінскія пашпарты ў выглядзе ID-карткі несапраўдныя для перасячэння беларускай мяжы.

ДКС нагадаў, што паміж дзвюма краінамі дзейнічае міжурадавае пагадненне аб бязвізавых паездках грамадзян ад 12 чэрвеня 2009 года. У адпаведнасці з гэтым дакументам украінцы могуць уехаць у Беларусь па наступных дакументах: пашпарт грамадзяніна Украіны, пашпарт грамадзяніна Украіны для выезду за мяжу, дыпламатычны, службовы пашпарт, праязны дакумент дзіця.

У адпаведнасці з гэтым пагадненнем, у выпадку ўвядзення новых дакументаў або ўнясення зменаў у дакументы, якія выкарыстоўваюцца для мэтаў пагаднення, трэба неадкладна накіроўваць адпаведную інфармацыю па дыпламатычных каналах, перадае БелаПАН.

Як запэўніваюць у ДКС, Украіна яшчэ ў снежні 2015 года, да ўвядзення новых пашпартоў, накіравала Беларусі дыпламатычную ноту і ўзоры электронных дакументаў. Пры гэтым перасцярогаў ад беларускага боку ў сувязі з выкарыстаннем электронных пашпартоў не паступала.

Таксама ДКС паведамляе, што ў бліжэйшы час пройдуць кансультацыі ў пытаннях рэалізацыі палажэнняў міжурадавага пагаднення.

Новыя электронныя пашпарты Украіна ўвяла з 1 студзеня 2016 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі