Украінская Нацыянальная гвардыя вывела войскі з Марыупаля
Сярод байцоў адзін чалавек загінуў і чацвёра былі параненыя ў выніку сутыкненняў з сепаратыстамі ў пятніцу, 9 траўня.
Па стане на 8 раніцы 10 траўня абстаноўка ў горадзе Марыупаль Данецкай вобласці застаецца стабільна напружанай. Пра гэта УНІАН паведамілі ў прэс-службе Нацгвардыі Украіны. Паводле звестак прэс-службы, на дадзены момант сілы Нацгвардыі выведзеныя з эпіцэнтру падзеяў, каб не правакаваць яшчэ большую агрэсію баевікоў, і дзеля бяспекі мірных жыхароў горада.
У пятніцу экстрэмісты падпалілі Марыупальскую горадміністрацыю. Як мяркуюць у прэс-службе Нацгвардыі, дзеянні зламыснікаў накіраваныя на зрыў прэзідэнцкіх выбараў у дзяржаве.
Як паведамлялася раней, міністр унутраных справаў Украіны Арсен Авакаў заявіў пра 20 забітых тэрарыстаў і чатырох палонных. Такімі былі страты сярод сепаратыстаў 9 траўня.
Спроба людзей захапіць штурмам будынак УУС у цэнтры гораду пасля жорсткай сутычкі скончылася няўдачай.