Украінскі баксёр Віталь Клічко вырашыў стаць прэзідэнтам
Лідару ўкраінскай партыі "УДАР", чэмпіёну свету па боксе ў суперцяжкай вазе па версіі WBC цяпер 42 гады.
Бліжэйшыя прэзідэнцкія выбары ва Украіне мусяць адбыцца ў 2015 годзе. Падчас сустрэчы з кіраўніком Сусветнага баксёрскага савета Хасэ Сулейманам Віталь Клічко сказаў, што і надалей хацеў бы займацца палітыкай ды думае "балатавацца на пасаду прэзідэнта сваёй краіны ў 2015 годзе", інфармуе сайт wbcboxing.com.
У апошнія месяцы пра Віталя Клічко пачалі гаварыць, як пра галоўнага канкурэнта дзейнага прэзідэнта Віктара Януковіча на будучых выбарах. У чэрвені Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялогіі заявіў, што палітык-баксёр апярэдзіў Януковіча па рэйтынгу. Паводле апошніх даследаванняў, украінскі прэзідэнт усё ж крыху апярэджвае апазіцыянера. Такім чынам, Віталь Клічко фактычна замяніў іншага кандыдата ад апазіцыі Юлію Цімашэнку, якая знаходзіцца за кратамі.
На маладога палітыка глядзяць на Захадзе з сімпатыяй. Як піша "Украінская праўда", адзнака гэтага — частыя паездкі Віталя Клічко на Захад, сустрэчы з кангрэсменамі, прадстаўнікамі ўраду ЗША, Еўрапарламента, з прэзідэнтам Польшчы. Цяпер з палітыкам актыўна працуюць паліттэхнолагі, прычым не толькі ўкраінскія, але і замежныя.
Фота — AFP