Улада і апазіцыя ва Украіне памяняліся месцамі

Увечары 9 снежня спецназ і ўнутраныя войскі пачынаюць выціскаць пратэстоўцаў у Кіеве з іх пазіцый. Спачатку спецназ зачышчае блокпасты на вуліцах побач з Адміністрацыяй прэзідэнта і Кабінета міністраў у так званым урадавым квартале.

Начны Майдан чакае чаго заўгодна, але "Беркут" з дапамогай спецтэхнікі зачышчае толькі блокпасты пратэстоўцаў і выціскае ўсіх на Майдан Незалежнасці.

У Кіеўскай гарадской адміністрацыі, дзе знаходзіцца штаб апазіцыі, адключаюць святло да 4-й раніцы. У гэты ж час сілавікі зачышчаюць апошнія барыкады побач з Адміністрацыяй прэзідэнта.

Такім чынам, за пратэстоўцамі застаецца Майдан Незалежнасці і тры будынкі — захопленыя мэрыя і Кастрычніцкі палац. А таксама Палац прафсаюзаў — яго не захапілі, а ўзялі ў арэнду.

Барыкады зачышчаў не толькі "Беркут", але і людзі ў спартовай вопратцы, так званыя цітушкі. Падчас зачысткі пацярпелі некалькі чалавек. Пад раніцу у горадзе Васількоў разагналі людзей, якія блакавалі выезд спецназу "Тыгр". Каля 15 аўтобусаў з праваахоўнікам паехалі ў Кіеў.

З 6-й раніцы 10 снежня актывісты Еўрамайдана пачынаюць пікетаваць дом кіеўскага мэра Аляксандра Папова. Яны патрабуюць адмовіцца ад забароны мірных акцый у цэнтры і ад разгону актывістаў, якія захапілі адміністрацыйныя будынкі.

Мэр да людзей не выходзіць, але пазней робіць заяву, што пратэстоўцы мусяць сысці з гарадской адміністрацыі і адпачываць у іншым месцы. Сам Папоў наведаць мэрыю не хоча і кажа, што вернецца туды, толькі калі будынак вызваляць.

Недзе а 8-й раніцай міліцыя блакуе ўрадавы квартал. З яго уначы выцеснілі пратэстоўцаў, афіцыйная прычына ліквідацыі намётаў і барыкад ва ўрадавым квартале была перашкода руху транспарта. Але цяпер самі сілавікі заблакавалі вуліцы яшчэ горш, чым пратэстоўцы.

А 10-й раніцы ў Кіеве трэці раз закрылі станцыі метро ў цэнтры, прычым трэці раз па прычыне ананімнага паведамлення аб мініраванні.

Прадстаўніцтва ЕС і амбасаду Польшчы ў Кіеве заблакавалі маладыя людзі, якіх называюць "цітушкамі". Супрацоўнікам давялося праходзіць на працу праз запасны ўваход.

Віктар Януковіч сустрэўся з былымі прэзідэнтамі Украіны — Краўчуком, Кучмам і Юшчанкам. Гэта сустрэча — крок да круглага стала. Але яе пакажуць у запісу пасля рэдакцыі Адміністрацыі прэзідэнта.

Падчас сустрэчы Януковіч заявіў, што правапарушэнням з абодвух бакоў у час разгона Майдана трэба даць прававую ацэнку. Таксама украінскі прэзідэнт паабяцаў паспрыяць вызваленню ўсіх затрыманых на Еўрамайдане.

Круглы стол правесці так і не атрымалася, яго перанеслі, бо прадстаўнікі апазіцыі не з'явіліся. На яго прыехалі толькі прадстаўнікі ўлады, мэр Кіева і старшыня "Партыі рэгіёнаў".

Кіеўская гарадская адміністрацыя вырашыла заліць каток на Майдане Незалежнасці з 15 снежня. Але больш за 70% удзельнікаў Еўрамайдана гатовыя стаяць, колькі будзе трэба.

Панарама Еўрамайдана з верталёта

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі