Уладальнік заапарка, дзе лісіца ўкусіла дзіця: Маці не мела прэтэнзій
“Схадзілі з дзецьмі ў заапарк на сваю галаву. Малодшага сыночка (два гады) укусіла за твар лісіца”, — такая скарга прыходзіць ананімна у рэдакцыю “Гомельскай праўды”. Гаворка ідзе пра кантактны заапарк у Гомельскім гандлёвым цэнтры.
“Калі я спытала, чаму лісіца так сябе павяла, мне адказалі, што дзіця наступіла ёй на лапу. Хоць яно стаяла ў добрых 50 сантыметрах ад яе і фізічна не магло гэтага зрабіць. Карацей, "вінаватыя самі". Увогуле, сышлі расчараваныя, без грошай, яшчэ і пакусаныя. Калі сыходзілі, нам сказалі, што гэта не першы выпадак, калі жывёлы кусаюць людзей. Жах, адным словам!” — працягвае апісваць інцыдэнт абураная маці.
Уласнік заапарка Уладзімір адразу прыгадвае, што інцыдэнт быў. Але сітуацыю апісваюць зусім па-іншаму. Нібыта не было ні моцнага ўкусу, ні скаргаў ад наведвальнікаў. Разышліся па-добраму.
“Супрацоўніца заапарка была разам з дзіцём у вальеры. Дзіця наступіла на лапу лісіцы, яна адрэагавала. Ніякага моцнага ўкусу там не было. Мама супрацоўнікам заапарка сказала, што ніякіх праблем няма, праверыла ветпашпарты. А пасля піша ананімныя лісты ў газеты”, — адказваюць у гомельскім кантактным заапарку. Як высветліла Еўрарадыё, выпадак такі не першы. Раней янот падрапаў аднаго з наведвальнікаў.
Як даведалася Еўрарадыё, з лісіцай усё ў парадку, яна і цяпер жыве ў заапарку.
У краіне ўжо некалькі кантактных заапаркаў. У Мінску, напрыклад, можна пагладзіць лам, трусоў і янотаў. Тут, каб звяры кусалі наведнікаў, не прыгадваюць.
“Заходзяць да жывёл разам з нашымі супрацоўнікамі. А чаму ў Гомелі так адбылося? Жывёле маглі зрабіць балюча ці напужаць. Маленькіх дзяцей дарослыя мусяць браць на рукі ці трымаць за руку”, — разважаюць у мінскім кантактным заапарку.
За тым, каб жывёлы ў кантактных запарках адчувалі сябе нармальна, сочыць Міністэрства прыроды. Ветпашпарты правярае ветэрынарная служба. За наведвальнікаў адказвае адміністрацыя заапарка.