Улады хочуць забіраць у бізнеса прыбытак, атрыманы на неабгрунтаваным росце цэн
З 2023 года вырасце і падатак на прыбытак / pixabay.com
Прыбытак, атрыманы за кошт неабгрунтаванага росту цэн, будзе ў прадпрыемстваў адбірацца і накіроўвацца на сацыяльныя мэты, заявіў у эфіры "Беларусь 1" міністр фінансаў Юрый Селіверстаў.
Селіверстаў распавядаў пра ільготы для інвестараў у сувязі з магчымым павелічэннем з 2023 года падатку на прыбытак на 2%. Паводле міністра, у тых прадпрыемстваў, якія будуць укладваць прыбытак у машыны і абсталяванне, да 40% прыбытку наогул не будзе абкладацца падаткам. "Той, хто не схільны да гэтага і зарабіў дадатковы прыбытак, магчыма, на не заўсёды абгрунтаваным павелічэнні цэн, — ён атрымаў яго. Дзяржава яго забярэ. На сацыяльныя мэты", — сказаў Селіверстаў.
Нагадаем, 6 кастрычніка на нарадзе па эканамічных пытаннях Аляксандр Лукашэнка забараніў павышаць цэны. Ён таксама даручыў ураду распрацаваць новы парадак іх рэгулявання. Пастанова аб рэгуляванні цэн была апублікаваная праз два тыдні. У дакуменце гаварылася, што "не дапускаецца ўстанаўленне цэн, якое можа прывесці да іх росту ў параўнанні з цэнамі, якія выкарыстоўваліся на 5 кастрычніка 2022 г.". Былі таксама прапісаны гранічныя гандлёвыя надбаўкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.