Улады спынілі крымінальную справу журналіста Алеся Дашчынскага

Алесь Дашчынскі / svaboda.org
Алесь Дашчынскі / svaboda.org

15 снежня ўлады спынілі крымінальны пераслед журналіста Алеся Дашчынскага, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. У Мінскім гарадскім упраўленні Следчага камітэта яму вярнулі рэчы, забраныя падчас ператрусу і затрымання ўлетку 2021 года.

Журналіста падазравалі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — “арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх”.

16 ліпеня 2021 года сілавікі штурмам узялі мінскі офіс Радыё “Свабода”: выламалі дзверы, вырвалі камеры відэаназірання, частку тэхнікі забралі, а іншую пашкодзілі. Адначасова ператрусы адбыліся ў некаторых карэспандэнтаў-фрылансераў, якія супрацоўнічалі з радыё, — Алеся Дашчынскага, Алега Груздзіловіча, Інэсы Студзінскай. Усіх пасля ператрусаў затрымалі і адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна.

Да таго, у жніўні 2020-га, журналісты былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС — як і іншыя карэспандэнты большасці замежных СМІ.

Дашчынскі прабыў за кратамі да 23 ліпеня 2021 года, ягоныя калегі — на тры дні больш. Рэальны тэрмін у калоніі прысудзілі толькі Алегу Груздзіловічу, які правёў за кратамі дзевяць месяцаў, а потым яго выслалі ў Літву.

Сам Дашчынскі ўвесь час заставаўся ў статусе падазраванага і быў пад падпіскай аб нявыездзе з Беларусі. Цяпер гэтыя абмежаванні знятыя.

Пасля пачатку крымінальнай справы Дашчынскі журналістыкай не займаўся.   
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі