Уладзімір Беражкоў больш не працуе ў Беларускім клубе біятлона

Уладзімір Беражкоў больш не працуе ў Беларускім клубе біятлона

Былы генеральны менеджар ХК "Дынама" Уладзімір Беражкоў завяршыў супрацу з Беларускім клубам біятлона, піша спартовы сайт by.tribuna.com.

"Першапачаткова казаў, што мая дзейнасць у біятлоне ажыццяўлялася не паводле кантракту, а на аснове дамовы падраду. Перада мной быў пазначаны пэўны аб'ём работ па адкрыцці медыцынскага цэнтра — у цяперашні час яны выкананыя, тэрмін дамовы мінуў", — заявіў Беражкоў.

Ён выказаў удзячнасць кіраўніцтву федэрацыі біятлону за плённую сумесную дзейнасць. Па словах Беражкова, Медыцынскі цэнтр сёння практычна гатовы да адкрыцця.

Свае далейшыя планы Беражкоў абнародваць не стаў. "У мяне ёсць шэраг вельмі цікавых прапановаў, якія цяпер разглядаю", — паведаміў ён.

Былы генеральны менеджар ХК "Дынама-Мінск" атрымаў працу ў Беларускай федэрацыі біятлона неўзабаве пасля таго, як выйшаў з-пад арышту. Ён правёў за кратамі 237 дзён і 6 красавіка быў выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. Менеджара вінавацілі ў тым, што ён завалодаў грашыма клуба на 1 мільярд 90 мільёнаў рублёў з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў.

Перад працай у ХК "Дынама-Мінск" Беражкоў узначальваў спартыўную газету "Прессбол". Аднак пасля вызвалення заявіў, што вяртацца ў журналістыку не хоча.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі