Уласнік білбордаў, з якіх знялі рэкламу з Някляевым, кажа пра "чорны піяр"

Уласнік білбордаў, з якіх знялі рэкламу з Някляевым, кажа пра "чорны піяр"

Пасля скандалу з білбордамі, дзе былі выявы паэта Уладзіміра Някляева і тэлевядоўцы Юрыя Жыгамонта, рэкламнае агенцтва адмовілася вешаць усе чатыры білборды ад крамы Symbal.by.

Нагадаем, што на мінулым тыдні ў цэнтры Мінска з'явілася арыгінальная рэклама крамы Symbal.by. Для яе былі скарыстаныя выявы паэта і апазіцыянера Уладзіміра Някляева і тэлевядоўцы Юрыя Жыгамонта. Таксама крама падрыхтавала білборды з партрэтамі гімнасткі Меліціны Станюты і рокера Лявона Вольскага.

Білборды з партрэтамі Някляева і Жыгамонта правіселі некалькі гадзін і былі знятыя пасля "тэлефанавання зверху". 

Заснавальнік Symbal.by Павел Белавус напісаў у Фэйсбуку, што кіраўніца рэкламнага агенцтва, якое вешала білборды, не захацела браць на сябе адказнасць за іх размяшчэнне і цяпер адмаўляецца вешаць усе чатыры рэкламныя плакаты. 

Выявілася, што само агенцтва арандуе месцы ў іншага ўласніка, які і выказаўся супраць размяшчэння на стэндах такой рэкламы. "Чаму не хоча вешаць: бо яны самыя арандуюць гэтыя месцы ў іншай кампаніі, і менавіта з гэтай кампаніі ім пазванілі і сказалі, што яны супраць размяшчэння гэтых сюжэтаў. А гэтай кампаніі таксама нехта пазваніў і сказаў зняць", — патлумачыў Белавус.

Журналісты партала tut.by высветлілі, што арэндадаўцам білбордаў з'яўляецца кампанія "Апекс". Першы намеснік дырэктара кампаніі каментаваць сітуацыю адмовіўся: "Асвятляйце гэтую тэму без нашых каментароў. Гэта не прэцэдэнт, гэта чорны піяр, якім займаюцца журналісты. Гэта наша справа як дзвюх юрыдычных арганізацый, і ніякім чынам гэта не тычыцца журналістаў".

Таксама ён абверг меркаванне пра палітычную падшэўку справы. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі