"Уляпілі яшчэ 12 сутак" — філосаф Вольга Шпарага з'ехала ў Вільню
Вольга Шпарага / Еўрарадыё
Філосаф Вольга Шпарага вымушаная была з'ехаць у Вільню. Напярэдадні яна выйшла на волю пасля 15 сутак адміністрацыйнага арышту і знайшла ў сябе ў паштовай скрыні новую пастанову суда.
"Гэтыя ідыёты ўляпілі мне яшчэ 12 сутак, даслалі на пошту пастанову да моманту майго выхаду. Давялося тэрмінова і таемна разам з любімым мужам Аляксандрам Адамянцам з'ехаць", — напісала ў Facebook Шпарага.
Яна таксама расказала, што збіраецца апісаць свой вопыт у справаздачы і кнізе. Падзякавала ўсім, хто ёй пісаў і падтрымліваў.
"Мама сказала, што я замучаная", — напісала Шпарага і анансавала першы рэпартаж пра турму ўжо сёння.
Яе, кандыдата філасофскіх навук, суарганізатарку фем-групы Каардынацыйнага савета па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне, затрымалі 9 кастрычніка ў будынку Савецкага РУУС, калі яна прыйшла даць паказанні. А 15 кастрычніка асудзілі на 15 сутак за ўдзел у "несанкцыянаванай акцыі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.