"Усе пра ўсё ведаюць": інтэрв'ю са стваральнікам фільма пра педафілію ў Касцёле
Томаш (злева) і Марэк Сякельскія / naTemat
"Няма слоў, наколькі нам сорамна!" — так Канферэнцыя епіскапату Польшчы звярнулася да вернікаў пасля прэм'еры дакументальнага фільма Томаша і Марэка Сякельскіх пра педафілію ў польскім Касцёле. За месяц "Толькі не кажы нікому", зняты на польскай мове, сабраў 22 млн праглядаў на YouTube.
Пра Касцёл і мафію, пра рэакцыю святароў на фільм і пра тое, колькі чалавек у Польшчы гатовыя гаварыць праўду пра ксяндзоў-педафілаў, Еўрарадыё паразмаўляла з Марэкам Сякельскім — прадзюсарам фільма і братам журналіста Томаша Сякельскага, рэжысёра "Толькі не кажы нікому".
Еўрарадыё: Кажуць, за вытворчасць вашага фільма не ўзяўся ні адзін тэлеканал, хоць вы прапаноўвалі многім...
Марэк Сякельскі: Сама ідэя ўзнікла тры гады таму. Мы шукалі канал, які пагадзіўся б паказаць фільм і выступіў бы ў якасці заказчыка. Але не атрымалася. І тады восенню мінулага года мы вырашылі сабраць грошы з дапамогай краўдфандынгу.
Еўрарадыё: Чаму не атрымалася дамовіцца?
Марэк Сякельскі: Мы спрабавалі прапанаваць фільм самым розным тэлеканалам, структурам і арганізацыям, якія маглі б пакрыць выдаткі, звязаныя з яго вытворчасцю. Усе згаджаліся, што, маўляў, тэма вельмі цікавая, але ўсе баяліся канфлікту з Касцёлам, які мог бы ўзнікнуць з-за гэтага фільма. У Польшчы каталіцкая царква займае выключна магутныя пазіцыі і валодае велізарным уплывам.
Еўрарадыё: Але тэма педафіліі ў польскім Касцёле зусім не з'яўляецца забароненай для польскіх СМІ. Пра гэта шмат гаворыцца і пішацца.
Марэк Сякельскі: Так, пра гэта пішуць газеты і штотыднёвікі. Але тэлебачанне, якое мае найбольшы ахоп аўдыторыі, пазбягала гэтай тэмы як агню. У нас любая крытыка Касцёла ўспрымаецца як атака на Касцёл, а значыць, на саму Польшчу.
Польскія СМІ вельмі гучна размаўлялі пра педафільскія скандалы ў ЗША, Германіі, Ірландыі. Калі гэта не датычыцца польскага Касцёла, яны выконваюць свае абавязкі так, як трэба. Але калі гаворка ідзе пра польскі Касцёл — я, можа, зараз скажу крыўдныя для кагосьці словы, — то журналісты становяцца на калені. Гэта праўда!
Еўрарадыё: Што гэта значыць?
Марэк Сякельскі: На жаль, польскія СМІ не выконвалі сваіх прафесійных абавязкаў: замест таго каб кантраляваць Касцёл, які з'яўляецца вельмі магутнай арганізацыяй у Польшчы, яны гэтага не рабілі. Не змаглі задаць простых пытанняў і дамагчыся адказаў. Таму наш фільм выклікаў такі шок і абурэнне ў польскім грамадстве — таму што гэтага да нас ніхто не паказаў.
Сілай гэтага фільма з'яўляецца тое, што мы выкарыстоўвалі схаваныя камеры. І дзякуючы ім змаглі паказаць, як ахвяры ксяндзоў-педафілаў сустракаюцца з гэтымі ксяндзамі. Я пытаўся ў польскіх журналістаў: "Паслухайце, колькі гадоў польскае тэлебачанне выкарыстоўвае схаваныя камеры для выяўлення ўсякага роду несумленнасцяў? У палітыцы, судах, паліцыі? Чаму вы не зрабілі гэтага ў Касцёле?" Яны адказвалі, што, маўляў, ну так, ты маеш рацыю, маеш...
Педафілія — гэта велізарная праблема. Але ў Касцёле яна набывае зусім іншае значэнне. Па-першае, ксёндз вельмі часта ўспрымаецца як сын божы. Па-другое, тая пазіцыя, якую займае Касцёл у грамадстве, прыводзіць да таго, што тыя, хто здзейсніў злачынства, часта пазбягаюць адказнасці, таму што іх "начальства" свядома пакрывае іх дзеянні — ксяндзоў-педафілаў проста пераводзяць у іншыя парафіі, гарады. І там яны робяць усё тыя ж жудасныя рэчы, зноў зусім беспакарана. Няма іншай такой прафесійнай групы, як духоўныя асобы, у якой бы панавала такая ступень беспакаранасці, калі здзяйсняюцца такія страшныя злачынствы — сексуальныя дамаганні або згвалтаванні малалетніх.
Еўрарадыё: Наколькі цяжка было знайсці суразмоўнікаў для фільма?
Марэк Сякельскі: І цяжка, і не цяжка. Згаджаліся многія, але хтосьці, нягледзячы на тое што спачатку быў гатовы размаўляць, потым адмаўляўся. Нехта прыходзіў толькі для таго, каб выгаварыцца. Але дзякуючы таму, што Томаш вельмі вядомы ў Польшчы журналіст, у яго ёсць усе магчымыя ўзнагароды, людзі ўсё ж згаджаліся з намі размаўляць.
Еўрарадыё: Я не памылюся, калі выкажу здагадку, што для вас асабіста гэты фільм стаў даволі сур'ёзным эмацыянальным перажываннем? Улічваючы тое, што вы ў якасці мужа адной з гераінь гэтага фільма прысутнічалі пры яе размове з ксяндзом.
Марэк Сякельскі: Так, вядома. Не магу сказаць, што з фактычнага пункту гледжання я даведаўся для сябе нешта новае. Мяне ўразіла іншае: што касцёлы ў правінцыі запрашалі ксяндза, які меў пажыццёвую забарону працы з дзецьмі. Ён сядзеў у турме! Але тым не менш яго запрашаюць для працы з дзецьмі! Вось гэта было для мяне шокам! Здавалася б, вельмі простая рэч: педафіл не павінен працаваць з дзецьмі, з чым тут спрачацца. Але не, яго запрашаюць.
Яшчэ я вельмі моцна перажываў, калі ўжо была апошняя падрыхтоўка для запуску фільма. Я адчуваў велізарную адказнасць — бо мы ўзялі грошы на фільм ад людзей. І я вельмі баяўся: ці апраўдаем мы іх чаканні? Як яны ацэняць нашу працу? А раптам яны палічаць, што дарма далі нам грошы?
Еўрарадыё: Колькі вам удалося сабраць грошай?
Марэк Сякельскі: Каля 457 тысяч злотых [$123,5 тысячы. — Еўрарадыё]. У краўдфандынгу удзельнічала 2,5 тысячы чалавек. Павінен сказаць, што першапачаткова я быў больш песімістычна настроены, аднак нам удалося сабраць усю неабходную суму за два месяцы да заканчэння кампаніі.
Еўрарадыё: Вы разлічвалі, што фільм паглядзіць больш за 20 млн чалавек?
Марэк Сякельскі: Зусім не разлічваў. Гэтыя лічбы для мяне сталі шокам. Калі б было 5 млн, я быў бы проста шчаслівы. А тут больш за 20 млн! Гэта перасягнула ўсе нашы чаканні. Ужо гатовыя субцітры на іспанскай — фільм будзе паказаны ў Іспаніі і ў краінах Паўднёвай Амерыкі.
Еўрарадыё: Мне давялося размаўляць з адным ксяндзом, які дзесяць гадоў таму спрабаваў гаварыць аб педафіліі ў Касцёле. Паводле яго слоў, тады такіх, хто не баяўся гаварыць, было не больш за тры чалавекі — ва ўсёй Польшчы! Чаму так мала?
Марэк Сякельскі: На чым трымаецца навучанне ў семінарыях? І так адбываецца не толькі ў Польшчы. Галоўнае — гэта лаяльнасць. Біскупа трэба слухаць і г. д. Я не ведаю, ці можна гэта назваць прачысткай мазгоў, але іх так вучаць. І ёсць тайны дагавор аб маўчанні. Сама структура Касцёла як арганізацыі такая, што ўсе пра ўсё ведаюць. Але паколькі, па-першае, ёсць тайны дагавор аб маўчанні, па-другое, сістэма выхавання пабудавана на лаяльнасці і, па-трэцяе, кожны на кожнага мае які-небудзь грашок — уся гэтая структура па сваёй арганізацыі нагадвае мафіёзную. Хоць, улічваючы, што Касцёл існуе дзве тысячы гадоў, гэта, хутчэй, мафія пераняла нешта ад яго.
Еўрарадыё: Але чаму адбываецца так, што злачынствы пакрываюцца нават у праваахоўных органах?
Марэк Сякельскі: Біскуп можа патэлефанаваць якому-небудзь рэгіянальнаму палітыку. Той патэлефануе ў Міністэрства юстыцыі, а там — канкрэтнаму пракурору, які займаецца справай. Таму часта ксяндзы сыходзяць ад адказнасці. Ну і потым ёсць жа яшчэ ціск грамадства: маўляў, гэта ж наш любімы ксёндз! Хіба ён можа здзейсніць нешта дрэннае?! Ёсць сляпая вера ў святасць канкрэтнай групы людзей. Хоць ксяндзы — гэта такія ж людзі, як мы, з усялякімі слабасцямі. Іх нельга ставіць вышэй за закон.
Еўрарадыё: Прэзідэнт кіруючай партыі ў Польшчы Яраслаў Качыньскі заявіў, што ваш фільм — гэта атака на краіну.
Марэк Сякельскі: Я не буду каментаваць тое, што кажуць палітыкі. Я лічу, што палітыкі ўсіх лагераў паводзяць сябе агідна ў дачыненні да гэтай праблемы.
Еўрарадыё: Вас абвінавачваюць у тым, што вы наўмысна прызначылі прэм'еру фільма перад выбарамі ў Еўрапарламент.
Марэк Сякельскі: Перад выбарамі ў Еўрапарламент? Не, мы ўвогуле не бралі ў разлік якую-небудзь дату. Тры гады таму яшчэ ніхто не ведаў даты выбараў у Еўрапарламент. Наступны наш фільм павінен выйсці вясной наступнага года — і што? Калі людзям не хапае аргументаў, яны пачынаюць прыдумляць нейкія такія рэчы.
Еўрарадыё: Як вы ацэньваеце рэакцыю на ваш фільм з боку Касцёла? Першыя асобы іерархіі жорстка выказаліся аб паказаных фактах.
Марэк Сякельскі: Я чакаю, калі адказнасць панясуць тыя, хто ведаў пра злачынствы ксяндзоў, але пакрываў іх. Пачакаем. І будзем прыглядацца да таго, што яны робяць.