“Увесь год чакалі пераменаў, а памянялі толькі міністра адукацыі”
Пад канец года новы міністр адукацыі Ігар Карпенка абяцае новы Кодэкс аб адукацыі, новыя падручнікі і задумваецца над рэформай цэнтралізаванага тэставання. Праект кодэкса міністр абяцае перадаць у Палату прадстаўнікоў да 1 ліпеня, зрабіць новыя падручнікі да 2020 года.
“Абітурыент можа паспяхова здаць тэсты, падаць сертыфікаты, але што гэты абітурыент уяўляе сабой як асоба?”, — задумваецца пра тэставанне Ігар Карпенка.
Абмяркоўваем анансаваныя міністрам змены і адукацыйны год разам з выкладчыцай Святланай Мацкевіч і дырэктарам “Фабрыкі ведаў”, рэпетытарам Аляксандрам Луцэвічам у эфіры Еўрарадыё.
Слухаць размову
Лепшыя цытаты:
Пра цэнтралізаванае тэставанне
Аляксандр Луцэвіч: “Цяпер абітурыенты ўпэўненыя, што можна будзе здаваць чатыры тэставанні. Ім даводзіцца тлумачыць, што ёсць праект закона, але невядома, калі ён будзе падпісаны. Мяняецца міністр, ці не будуць уносіць іншыя змены. А дзеці рыхтуюцца да таго, чаго можа і не быць”.
Святлана Мацкевіч: “Асобы, якія прымаюць рашэнні ў адукацыі метадалагічна непісьменныя. Адзінае, што я бачу — гэта пастаянныя змены форм кантролю. Яны думаюць, што ўпраўленне — гэта толькі кантроль”.
Аляксандр Луцэвіч: “Тэставанне — гэта лепшы механізм, які ў Беларусі прыдумалі. Амаль ідэальны фармат. І калі прапануюць вярнуцца да вуснага іспыту, выплывае шмат праблемаў. Шмат чаго трэба мяняць, але не тэставанне”.
Пра рэформы
Святлана Мацкевіч: “Увесь год знаходзіліся ў пастаянным чаканні, што нешта мусіла адбыцца. А гэтых пазітыўных зрухаў, хоць нейкіх, не адбылося. Апроч апошняй падзеі, калі замянілі міністра адукацыі. Гэта рэзкі адкат. Год праходзіў у пастаянных спробах прэзентаваць нешта новае”.
Аляксандр Луцэвіч: “Можа быць абяцанні былі зашмат ліберальныя. Да канца года мы маем шмат прапаноў, якія не рэалізаваныя. Гэта быў год абяцанняў і пазітыўных і негатыўных ідэй. А з канкрэтыкі, толькі змена міністра”.
Пра Балонскі працэс
Аляксандр Луцэвіч: “Мы ўступілі туды тэхнічна. Але выкананне дарожнай мапы выканана толькі на 6,8% у сферы інтэрнацыяналізацыі і мабільнасці, на 10,3% — гэта інструменты празрыстасці і фундаментальных каштоўнасцяў і на 0% у сферы ідэалогіі еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі”.
Святлана Мацкевіч: “Мы мусім падладжвацца пад еўрапейскую сістэму адукацыі, ці мусім ствараць сваю ўнікальную сістэму адукацыі, арыентавацца на іншыя рынкі. Дакладнага адказу на гэта няма”.
Пра новага міністра Ігара Карпенку
Святлана Мацкевіч: “Дзіўны падарунак для ўсіх узроўняў адукацыі. Мала чаго можна ад гэтай замены чакаць. З-за гэтага сістэма адукацыі падвісла, як камп’ютар, калі хочацца націснуць на перазагрузку”.
Аляксандр Луцэвіч: “Важна разумець, што гэта толькі пасада ў сістэме. Тут ёсць пэўныя правілы. У нас спроба пабудаваць дзяржаўную ідэалогію і распаўсюдзіць яе на ўсе сферы. Таму міністр будзе выконваць тыя інструкцыі, якія ў яго будуць. Чалавечы фактар, вядома, уплывае. Але ёсць пэўная лінія”.