Запуск Беларускай АЭС перанеслі на год
Увод у эксплутацыю першага энергаблока Беларускай АЭС перанесены на 2019 год. Пра гэта 16 лістапада ў Астраўцы заявіў віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка. Раней увядзенне першага энергаблока ў эксплуатацыю прызначалася на 2018 год.
Пры ўсім тым Сямашка заявіў, што працы на АЭС вядуцца паводле графіку. "Чакаем, што да канца гэтага года прыйдзе новы корпус рэактара. Увесну 2017 года ён будзе ўсталяваны. І, такім чынам, мы мяркуем, што блок у 2019 годзе павінен быць уведзены", — перадае БЕЛТА словы намесніка прэм'ер-міністра.
Прычынай гэтага пераносу Сямашка назваў інцыдэнт з корпусам рэактара, які адбыўся ўлетку.
"Вядома, што па неасцярожнасці выканаўцы выранілі корпус рэактара. І прынята рашэнне незалежным рэгулятарам, што ў такім выглядзе корпус нельга прыняць", — патлумачыў чыноўнік. Па яго словах, калі ёсць нават мізэрныя сумневы ў надзейнасці, дык корпус трэба мяняць. Таму беларускі бок прыняў рашэнне пра замену корпуса.