Ва Украіне ў адной з абласцей няма каранавіруса, Кіеў дасылае туды камісію
Ва Украіне Мікалаеўская вобласць застаецца адзінай у краіне, дзе няма пацверджаных выпадкаў заражэння каранавірусам. У Кіеве гэты феномен выклікаў зразумелыя падазрэнні. Міністэрства аховы здароўя пасылае ў Мікалаеў камісію. Падчас праверкі будзе спраўджана, ці правільна праводзяцца тэсты на каранавірус мясцовымі спецыялістамі. У вобласці ёсць 9 чалавек, у якіх толькі падазраюць COVID-19. Іх тэсты паказваюць адмоўныя вынікі, паведамляе прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта. Уладзімір Зяленскі ў аўторак правёў селектарную нараду з рэгіянальнымі кіраўнікамі.
Галоўны дзяржаўны санітарны лекар Украіны Віктар Ляшко выказаў спадзяванне, што ў бліжэйшы час стане зразумела, "ці гэта рэальная карціна, ці... ёсць парушэнні алгарытмаў". Феноменам Мікалаеўскай вобласці зацікавіліся ўжо і ў замежжы.
Ва Украіне зарэгістравана амаль паўтары тысячы выпадкаў заражэння каранавірусам, памерлі 45 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.