Ва Украіне ўвядуць штрафы за булінг

Фота: informator.news
Фота: informator.news

Дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны прынялі законапраект № 8584, які вызначае паняцце "булінг" і ўводзіць адміністрацыйную адказнасць за яго, піша "Грамадскае".

Праект закона вызначае булінг як "маральны або фізічны гвалт, агрэсію ў любой форме або любыя іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай выклікаць страх, трывогу, падпарадкаваць чалавека сваім інтарэсам, якія маюць прыкметы свядомага жорсткага абыходжання".

Закон прадугледжвае штраф за булінг і за ўтойванне работнікамі навучальных устаноў выпадкаў здзекаў. Таксама праект абавяжа школы і ўніверсітэты стварыць інструкцыі паводзінаў і падачы скаргаў у выпадках булінгу.

Адукацыйны амбудсмен мае права атрымліваць і правяраць інфармацыю, статыстыку па заявах пра выпадкі буллінгу і рэакцыю ў адказ з боку навучальных устаноў.

У тлумачальнай запісцы заканадаўцы са спасылкай на апытанне Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) паказваюць, што з булінгам у коле аднагодкаў ва Украіне сутыкаліся каля 67% дзяцей. Акрамя гэтага, паводле дадзеных апытанняў, чвэрць украінскіх школьнікаў лічыць сябе ахвярамі булінгу. 40% школьнікаў, якія сутыкнуліся са здзекамі ў коле аднагодкаў, не кажуць пра выпадкі цкавання бацькам, а 44% ніяк не процідзейнічаюць булінгу праз боязь таксама стаць ахвярай здзекаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі