Валанцёры "Краіны для жыцця" прызнаныя палітычнымі зняволенымі

Валанцёры "Краіны для жыцця" прызнаныя палітычнымі зняволенымі

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі валанцёраў фонду "Краіна для жыцця" Марыну Дуброўскую, Антона Сташэўскага, Юлію Сырых і Таццяну Астроўскую, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".

Валанцёраў затрымалі ў Мінску 9 ліпеня супрацоўнікі КДБ. Іх абвінавацілі па ч. 2 арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання). Ім пагражае ад пяці да васьмі гадоў пазбаўлення волі. 

Усе затрыманыя валанцёры, як паведамляецца, займаліся фармаваннем пасылак для палітвязняў, да грошай не мелі ніякага дачынення.

"Абвінавачванне ў фінансаванні экстрэмісцкага фармавання валанцёраў, якія ажыццяўляюць гуманітарную, дабрачынную дзейнасць па аказанні дапамогі ахвярам парушэння правоў чалавека з’ўляецца заганнай практыкай.

Мы ў чарговы раз адзначаем, што валанцёрская дзейнасць па аказанні дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій не мае нічога агульнага з экстрэмісцкай дзейнасцю, не з’яўляецца яе фінансаваннем, носіць выключна мірны характар і, адпаведна, пераследуе абсалютна легітымныя мэты", — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў. 

Яны заклікаюць неадкладна вызваліць згаданых палітвязняў і спыніць іх крымінальны пераслед. Таксама праваабаронцы патрабуюць вызваліць іншых палітвязняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў краіне.  

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр “Вясна” (зачынены ўладамі), Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі ПЭН-цэнтр, РГА “Прававая ініцыятыва”, Беларускі дакументацыйны цэнтр, кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве ”Х'юман канстанта”, РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”, ініцыятыўная група “Ідэнтычнасць і права”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі