Валерыя Цапкалу не зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты
Валерыя Цапкалу не зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. Пра гэта было абвешчана 14 ліпеня на пасяджэнні Цэнтрвыбаркама. ЦВК спаслаўся на тое, што пасля праверкі "сапраўдных подпісаў" аказалася недастаткова — з амаль 160 тысяч засталося 75 тысяч, а для рэгістрацыі патрэбна не менш за 100 тысяч. Штаб Цапкалы падаў скаргу па забракаваных подпісах. Было заяўлена, што ў некаторых раёнах подпісы правяраліся з ксеракопіі падпісных лістоў, а прэтэнзіі камісій, што быццам даты ў падпісных лістах людзі ставілі не самі, не падмацаваныя ацэнкамі экспертаў. Аднак ЦВК гэтыя аргументы не ўлічыў. Праўда, Валерыю Цапкалу вярнулі амаль 3 тысяч подпісаў, сабраных у Бабруйску — камісія прызнала сваю памылку.
Таксама ЦВК знайшло парушэнне ў дэкларацыі жонкі палітыка (не пазначыла каштоўныя паперы) і яно мае "істотнае значэнне". Галасаванне было аднагалосным.
Валерый Цапкала — прадпрымальнік, былы кіраўнік Парка высокіх тэхналогій.
Раней ЦВК не зарэгістраваў кандыдатам у прэзідэнты палітвязня Віктара Бабарыку.
Такім чынам, з прэзідэнцкай гонкі выключылі двух "альтэрнатыўных" палітыкаў, якія сабралі найбольш подпісаў за сваё вылучэнне. Бабарыка і Цапкала — новыя палітыкі, яны не ўдзельнічалі ў дзейнасці апазіцыі, маглі атрымаць значную падтрымку ў грамадстве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.