Вардамацкі: У крызіс кожны чацвёрты беларус баіцца страціць працу

Большасць еўрапейцаў з-за крызісу бачыць сваю будучыню ў цёмных колерах. Такія вынікі апытання, праведзенага для Еўракамісіі сацыялагічнай даследчай установай Еўрабарометр. Ажно 61% апытаных лічыць, што крызіс толькі пачынаецца і горшае яшчэ наперадзе. І толькі 28 % еўрапейцаў спадзяюцца на лепшае.

Найбольш бесклапотна глядзяць на ўсю сітуацыю жыхары Даніі ды Швецыі, а найбольшыя песімісты ва ўсім Еўрасаюзе  — грамадзяне прыбалтыйскіх краінаў і Люксембурга.

Нягледзячы на цяжкасць сітуацыі, еўрапейцы ўсё менш баяцца згубіць працу, адзначае прэс-сакратар Еўракамісіі Катарына фон Шнурбэйн:

Катарына фон Шнурбэйн: “Многія лічаць сітуацыю складанай, аднак наконт уласных працоўных месцаў яны не вельмі хвалююцца. 80% апытаных упэўненыя, што здолеюць захаваць працу  цягам бліжэйшага месяца — а гэта толькі на 4% менш, чым у 2006 годзе”

Значна большы  непакой у апытаных выклікае лёс крэўных і дзяцей. Амаль палова еўрапейцаў баіцца, што іх родныя згубяць працу. Яно і не дзіўна, у кожнага трэцяга апытанага звольнілі знаёмага ці блізкую асобу.

Еўрарадыё зацікавілася, як жа  адчуваюць крызіс нашыя суайчыннікі. Кіраўнік прыватнай беларускай сацыялагічнай лабараторыі “Новак” Андрэй Вардамацкі кажа: нягледзячы на тое, што сам факт крызісу большасць беларусаў усё ж прызнае, погляды на тое, якім чынам ён на нас паўплывае, разыходзяцца:

Андрэй Вардамацкі: “44,3% лічаць, што ён закране ў той самай ступені, што іншыя краіны, па выніках чэрвеньскага замеру, а 43,3% лічаць, што ў меншым маштабе”.

Праўда, у параўнанні з пачаткам года грамадскія настроі зрабіліся больш песімістычнымі. Яшчэ вясной беларусы значна менш баяліся крызісу ў параўнанні з украінцамі ды расіянамі. Зараз жа колькасць асобаў, якія лічаць, што нашу краіну крызіс не пашкадуе, павялічылася.

А вось таго, што панізіцца ўзровень жыцця, мы сталі баяцца крыху менш. Сюды ўваходзіць і страх перад павышэннем цэн, інфляцыяй, змяншэннем заробкаў. Гэты паказчык упаў з 76% да 72% у параўнанні з траўнем. Аднак Андрэй Вардамацкі лічыць, што прычына ўсяму — сезон адпачынкаў:

Андрэй Вардамацкі: “Летам лічбы заўсёды мякчэй і па рэйтынгу,  і па эканамічным самаадчуванні”.

Згубіць працоўнае месца ў сувязі з крызісам баіцца амаль кожны трэці — 27,6% удзельнікаў апытання лабараторыі “Новак”.

Аднак усе гэтыя крызісныя страхі ды пагрозы амаль  не ўплываюць на нашыя палітычныя стаўленні. Большасць беларусаў не верыць у тое, што крызіс можа выклікаць змену рэжыму ў краіне. Такую магчымасць, па словах Вардамацкага, бачыць толькі 11% апытаных:

Андрэй Вардамацкі: “З аднаго боку пагаршэнне эканамічнага самаадчування назіраецца, а з  другога боку пытаемся, ці гэта прывядзе да змены рэжыма і людзі адказваюць “не”.


Фота — media.photobucket.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі