Паручыцель выплаціў за крэдыт калегі ўжо сем тысяч долараў

Гісторыя пачалася ў беларускім гарадку Верхнядзвінск яшчэ ў 2008 годзе. Сям'я Аляксандра і Наталлі Урбан узяла ў Белаграпрамбанку 14 тысяч даляраў крэдыту на куплю дома. Курс даляра тады быў роўны, на хвілінку, 2000 рублёў.


Паручыцеляў у сям'і Урбан аказалася цэлых чацвёра — мама Аляксандра, тата Наталлі і двое знаёмых. Год крэдыт плаціўся спраўна, але пазней курс даляра рэзка скокнуў, і паручыцелі пачалі атрымліваць “лісты шчасця” з банка і суда.


Адзін з паручыцеляў, Алег Антончык з Верхнядзвінска, плаціць крэдыт за былога калегу ўжо пяць гадоў. За гэты час выплаціў каля 7000 даляраў.


"Мы тады працавалі з ім у ЖКГ, былі калегамі. Нармальны, здаецца, хлопец, папрасіў памагчы, чаго ж не памагчы?" — разважае Алег. Мужчына пастаянна цікавіўся, ці выплачваецца крэдыт у тэрмін, але Аляксандр Урбан умела запэўніваў, што крэдыт гасіцца — хвалявацца не варта.


"Саша пастаянна карміў сняданкамі — я заўтра заплачу, я забыўся і заўтра заплачу. І ў выніку пяць гадоў я плачу крэдыт, ужо выплаціў каля 7000 даляраў. У мяне з заробку вылічваюць 40% і ўсё! 21 жніўня будзе суд. Я хачу, каб з мяне перасталі вылічваць, бо іншых паручыцеляў не чапаюць", — кажа Алег.


Толькі за апошнія два месяцы Алег заплаціў каля 500 даляраў за крэдыт былога калегі. І плаціць будзе аж да пагашэння крэдыту, бо на суды Аляксандр Урбан не з'яўляецца.
 

Адзіны выхад у Алега — звольніцца з працы, якая яму падабаецца, і перастаць выплачваць даўгі па чужым крэдыце. Алег працуе на адным месцы ўжо два дзясяткі гадоў, на добрым рахунку ў начальства, і праца яму па душы.


Мама Алега Аліна Віктараўна на пенсіі, але асабіста вывучыла ўсе паперы з банкаў і ад судовых выканаўцаў, каб быць падкаванай у пытанні. Кажа, што сына літаральна падштурхоўвае стаць дармаедам сістэма.


"Я стараста вёскі, і кожны месяц у нас праходзіць сход з міліцыяй, дзе збіраем усіх дармаедаў, пітушчых, і праводзім прафілактычныя гутаркі. І што ж гэта атрымліваецца, свайго сына таксама буду гэтак жа "прафілактаваць"?" — пытаецца мама Алега.

У Верхнедзвінку з-за крэдытаў адбыўся сапраўдны серыял

"Скрала ў самой сябе камп’ютар!"
 

Яшчэ адзін паручыцель, Наталля Дарожка з Верхнядзвінска, кажа, што праз крэдыт Аляксандра Урбана перажыла і неаднаразовы вопіс маёмасці, і нават завядзенне крымінальнай справы.


Як толькі Аляксандр перастаў выплачваць крэдыт, у дзверы Дарожка пастукалі судовыя выканаўцы і апісалі маёмасць. Гісторыя паўтаралася некалькі разоў. Наталля ўспамінае, што ў свой час хавала мэблю па суседзях, каб яе не забралі ў камісійную краму.


"Нават на пральную машыну наклалі арышт! Сказалі, што гэта не прадмет першай неабходнасці і можна памыць рукамі — гэта з трыма дзецьмі! Мой муж чатыры гады не вылазіў з заробкаў, я аддала дзіця ў сад у годзік, каб выйсці на працу і выплачваць гэты крэдыт! Нейкаму Урбану! І мой дурылка едзе ў Расію на заробкі, каб выплаціць крэдыт! А Урбан жыве дома, купляе дарагія тэлефоны і тэлевізары, і не патрэбны яму гэты крэдыт!" — кажа Наталля.


Жанчына расказвае, што судовыя прыставы перасталі хадзіць, калі яе муж звольніўся і з'ехаў у Расію на заробкі, а ў сям'і з'явілася чацвёртае дзіця. Наталля успамінае, што праз гэта ў яе ў біяграфіі нават з'явілася крымінальная справа за крадзеж маёмасці.

Гісторыя выйшла такая: з дэкрэтных грошай Наталля купіла камп’ютар з усімі наваротамі і аддала за яго 2 мільёны рублёў. Але не паспела нават толкам пакарыстацца тэхнікай, як судовы выканаўца наклала на яго арышт.


"Я на каленях стаяла перад судовым выканаўцам, каб камп’ютар не забіралі, бо толькі купілі! Але яна засталася пры сваім. Тады я на свой тагачасны розум занесла камп’ютар суседзям, і калі праз тыдзень па яго прыйшлі, на мяне завялі крымінальную справу за крадзеж камп’ютара. За крадзеж у самой сябе!" — успамінае Наталля.


Потым муж з'ехаў на заробкі ў Расію, і судовыя выканаўцы да сям'і дарогу забыліся.
Як высветлілася, яшчэ аднаго паручыцеля, цесця Аляксандра, у банку не шукаюць — ён таксама даўно на заробках у Расіі, і банк знайсці яго, зразумела, не можа ці не хоча.


А вось маці Аляксандра Людміла Фёдараўна з пенсіі выплачвае крэдыт і дае грошы на тое, каб пагасіць доўг. Яна, праўда, наіўна і свята па-мацярынску верыць у тое, што сын чысты перад законам.
 

"Ён аплачвае! Вось яшчэ і ў суботу мне казаў, што ўсё аплачвае. Ну не можа ж ён мне хлусіць!" — здзіўляецца жанчына.

"А чым вы можаце мне дапамагчы? Нічым? Тады да пабачэння"


Мы знайшлі самога Аляксандра Урбана, які на дадзены момант значыцца ў мінскай фірме. 39-гадовы Аляксандр спачатку заявіў, што плаціць па крэдыце — "па меры магчымасці, вядома, — 100 баксаў плачу часам".

Але пазней усё ж прызнаўся: раз суд вырашыў, што крэдыт плацяць за яго паручыцелі, — няхай плацяць, а ў яго няма грошай. Ні на аліменты траім дзецям ад першай жонкі, ні на выплату крэдыту, ні тым больш на тую суму, якую за яго плацяць паручыцелі.


Аляксандр, праўда, адразу пацікавіўся, чым яму Еўрарадыё можа канкрэтна дапамагчы, але калі высветліў, што выплаціць даўгі яму не дапамогуць дакладна, развітаўся.
 

"Гэта жонка былая замуціла гэты крэдыт, няхай яна і разбіраецца", — саскочыў з тэмы мужчына.


Сітуацыю больш-менш патлумачыла былая жонка Наталля. Жанчына жыве з другім мужам і пяццю дзецьмі ў Полацку. Трое з іх — ад першага шлюбу. Ім належаць аліменты, аднак ад былога мужа Наталля не бачыла грошай ужо паўтара года.


"Саша — паталагічны хлус! Ён узяў крэдыт, мы купілі дом, і пакуль я жыла ў гэтым доме, я плаціла крэдыт. Але калі ён выгнаў мяне з трыма дзецьмі, я плаціць перастала. І мне вельмі шкада паручыцеляў".
***
Цікава, што ў "Белаграпрамбанку", які выдаў крэдыт на жыллё Аляксандру, заяўляюць, што "праца па спагнанні крэдыту вядзецца з усімі паручыцелямі", але якая канкрэтна, адмовіліся пракаментаваць — банкаўская таямніца.


А вось у аддзеле праблемных пазычанасцяў "Белаграпрамбанка" па Віцебскай вобласці Еўрарадыё патлумачылі, што зрабіць з такім нядобрасумленным крэдытаатрымальнікам па законе нічога нельга.


— Калі крэдытаатрымальнік нічога не мае, то адказнасць за крэдыт ляжыць на паручыцелі. Такая ж адказнасць на паручыцелях, як і на крэдытаатрымальніках, якія, у адрозненне ад першых, карыстаюцца крэдытам. Пакуль яны працуюць, яны будуць плаціць за крэдыт. Адзіны выхад пазбавіцца такой пазычанасці — гэта выплаціць крэдыт і падаць у суд на крэдытаатрымальніка з мэтай спагнання сумы крэдыту. Але калі ў крэдытаатрымальніка ёсць аліменты, то ў першую чаргу выплачваюцца яны.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі