Беларускі акадэмік заявіў, што Касцюшка адстойваў інтарэсы Польшчы і ЗША
Намеснік старшыні Прэзідыўму Нацыяльнай акадэміі навук фізік Сяргей Чыжык лічыць, што Тадэвуш Касцюшка адстойваў інтарэсы Польшчы і ЗША, а не вёў барацьбу за інтарэсы беларускага народа. Пра гэта гаворыцца ў яго афіцыйным адказе, які прыводзіць "Наша ніва".
Увесну 2019 года каля ста чалавек звярнуліся да кіраўніцтва Мінгарвыканкама з прапановай назваць адну з вуліц у гонар Тадэвушка Касцюшкі. Чыноўнікі адмовілі і пры гэтым спаслаліся на меркаванне Акадэміі навук.
Адзін з падпісантаў, Дзмітрый Плашчынскі, напісаў запыт да навукоўцаў з просьбай абгрунтаваць пазіцыю. Адказ яму прыйшоў за подпісам першага намесніка старшыні Прэзідыўму Акадэмі навук С.Чыжыка.
У лісце гаворыцца, што Тадэвуш Касцюшка ўдзельнічаў у шматлікіх войнах і ўзброеных канфліктах, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі.
"Ён удзельнік барацьбы за незалежнасць паўночнаамерыканскіх калоній ад Вялікабрытаніі, а таксама за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, якую Тадэвуш Касцюшка разглядаў як польскую дзяржаву. Актыўна адстойваў канстытуцыю Рэчы Паспалітай 3 мая 1791 года. Згодна з гэтай канстытуцыяй, назва дзяржавы "Рэч Паспалітая абодвух народаў" (то бок Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага) было зменена на "Рэч Паспалітую польскую". Больш за тое, Тадэвуш Касцюшка адкрыта выступаў за паланізацыю народнасцяў Рэчы Паспалітай, у тым ліку і беларусаў.
Сцверджанне аб тым, што ён вёў барацьбу за інтарэсы і незалежнасць беларускага народа, супярэчыць гістарычным фактам. У сваёй дзейнасці Тадэвуш Касцюшкі адстойваў інтарэсы Польшчы і ЗША, а не Беларусі. Таму называць яго нацыянальным героем Беларусі абсалютна неправамерна. Ён з'яўляецца нацыянальным героем Польшчы і ЗША", — безапеляцыйна сцвярджае віцэ-кіраўнік Акадэміі навук.
Ён дадаў, што ў Івацэвіцкім раёне ёсць музей Касцюшкі, а побач з ім — помнік. Гэтага, на думку Чыжыка, дастаткова для ўшанавання памяці.