Віцэ-прэм’ер: Як прыводзіць дзіця а 9 у школу? Бацькам дамаўляцца з наймальнікам

Віцэ-прэм’ер: Як прыводзіць дзіця а 9 у школу? Бацькам дамаўляцца з наймальнікам

31 траўня ў Авальнай зале Палаты прадстаўнікоў перад дэпутатамі і сенатарамі выступае намеснік прэм’ер-міністра Васіль Жарко. І сярод іншага закранае тэму пачатку ўрокаў у школах з 9 гадзін раніцы.

Жарко: “Тэма няпростая, але я, як доктар па адукацыі, магу адказна заявіць, што 9 гадзін раніцы ― гэта аптымальны час для пачатку заняткаў. Сёння мы прапрацоўваем гэта пытанне. Пры гэтым неабходна ўлічыць усе аспекты арганізацыі і падвозу харчавання дзяцей, заняткі ў кружках і секцыях, праца школ у другую змену ды іншыя. У бліжэйшы час рацыянальны механізм змены рэжыму працы школы будзе выпрацаваны”.

Больш у сваёй прамове былы міністр аховы здароўя Васіль Жарко тэму “школа з 9 гадзін” не кранаў. Але ў дэпутатаў ды сенатараў была магчымасць задаць свае пытанні віцэ-прэм’еру пасля заканчэння яго выступу. І яны ёй карыстаюцца напоўніцу: задалі ажно 20 пытанняў. Розных: ад будаўніцтва новага корпуса анкацэнтра ў Полацку да… бясплатных прыбіральняў на вакзалах, “што будзе спрыяць стварэнню прыцягальнага турыстычнага іміджу нашай краіны”. А вось пра магчымы перанос пачатку ўрокаў у школе ― не.

Як звычайна, ініцыятыву ў свае рукі бяруць журналісты. Ім віцэ-міністр “як педыятр” тлумачыць сваю пазіцыю.

Жарко: Дзіця малодшых класаў павінена праспаць мінімум 10 гадзін. Сярэдніх класаў ― 9 гадзін. Старэйшых класаў, пачынаючы з 9-га і да 11-га ― 8 гадзін. У колькі нашы дзеці кладуцца? У колькі нашы ўнукі кладуцца? У колькі мы цяпер можам іх пакласці? Калі ён прыйшоў на ўрокі, недаспаўшы, а першым урокам паставілі нешта складанае ― ідзе хваляванне, ідзе стрэс, няма засваяльнасці. Найлепшы пік засвойвання праграмы і працаздольнасці ў дзіцяці ― гэта 10.30 ―14 гадзін.

― А што рабіць бацькам, якім, да прыкладу, а 8 трэба быць на працы?

― Ну, ведаеце, у бацькоў ёсць наймальнікі. Вы правільна задалі пытанне, але гэта ўжо пытанне наймальніка і работніка. Ім трэба вырашаць сваё пытанне. Тое, што Мінадукацыі казала, што школа будзе адчыненая з 8 гадзін, гэта добра, але гэта не выйсце. Калі дзіця прыйшло а восьмай, то давайце яму заняткі з васьмі гадзін. У нас будзе пэўны адсотк школ, якія будуць працаваць з 8.30. Бо там ёсць другая змена, і трэба, каб у тых дзяцей не заканчваліся заняткі позна ўвечары. Таму бацькі, наймальнікі ― яны павінны вызначацца”.

― Калі для дзяцей пачынаць заняткі лепш з 9 гадзін, то чаму гэтае пытанне ўзнікла толькі цяпер, пасля слоў кіраўніка краіны? Чаму вы, калі былі міністрам аховы здароўя гэта пытанне не ўздымалі?

― Чаму?.. Напэўна таму, што мае дзеці ўжо выраслі, і я ўжо забыўся, калі яны вучыліся.

Годны адказ, вам не падаецца? Не менш годна адказвае віцэ-міністр і на маё пытанне пра тое, ці плануецца нешта рабіць для таго, каб колькасць дзяцей, якія б навучаліся па-беларуску, павялічвалася.

Жарко: "Я вам скажу так: у школах па жаданні дзіцяці можна вучыцца і па беларускіх, і па рускіх падручніках. Ніхто не забараняе. І ёсць і тыя, і тыя падручнікі ― на рускай і на беларускай мове”.

Відаць, і сапраўды, дзеці віцэ-прэм’ера ўжо вельмі даўно скончылі школу…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі