Віцебская суддзя ў суботу выносіла прысуды да паўночы
У суботу, 30 студзеня, у Віцебску суддзя Вераніка Барысава на выязным пасяджэнні ў Першамайскім РАУС выносіла прысуды да паўночы, піша "Віцебская Вясна".
Барысава судзіла 13 чалавек, абвінавачаных ва ўдзеле ў несанкцыянаваным вулічным мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП). Дзевяці чалавекам прысудзіла па 15 сутак арышту, чатыром — вялікія штрафы.
Адвакаткі падсудных распавялі, што ўсе справы былі аб'яднаныя ў адзін працэс, які пачаўся ў актавай зале РАУС каля 15-й гадзіны. Пры гэтым затрыманых прывезлі ў РАУС значна раней, не даўшы паснедаць у ІЧУ. Падчас суда некалькі разоў абвяшчалі перапынкі, бо людзям станавілася блага, і яны прасілі выклікаць хуткую. Сваякі і паплечнікі затрыманых, якія чакалі выніку каля пастарунка, падлічылі, што "хуткая" прыязджала як мінімум пяць разоў.
Дарэчы, гледачоў на суд не пусцілі. Міліцыянты заявілі, што суд адкрыты, "але праходзіць на тэрыторыі рэжымнага абʼекту, таму трапіць на яго не ўдасца".
Пазней сваякі паспрабавалі перадаць ужо асуджаным на арышт віцяблянам харчаванне і адзенне, але міліцыянты браць перадачы адмовіліся. Яны заявілі, што ўсіх затрыманых 30 студзеня кармілі. Аднак жанчыны, якім прысудзілі штрафы і якія выйшлі з РАУС ужо за поўнач, паведамілі, што ў пастарунку ім далі магчымасць толькі падсілкавацца тым, што было пры сабе.
На судзе ўсіх затрыманых прызналі вінаватымі, хаця ніякіх відэадоказаў вінаватасці міліцыя не падала.
Алена Жыхарская, Ніна Скрыпец, Святлана Скакун і Ганна Куліева прысуджаныя да штрафаў ад 870 да 1450 рублёў (ад 30 да 50 базавых велічыняў). Да суда яны правялі трое сутак пад вартай.
Па 15 сутак арышту атрымалі Караліна Цярэнцьева, Андрэй Кулакоў, Аляксей Санько, Алег Рубін, Юрый Міхейцаў, Дзмітрый Карняенка, Ігар Ісакоўскі, Вячаслаў Казлоў і дзяўчына Валерыя (прозвішча высвятляецца). Іх адправілі ў віцебскі ізалятар часовага ўтрымання, які размяшчаецца цяпер у будынку СІЗА-2.
Большасць з іх затрымалі ўвечары 27 студзеня ў мікрараёне Тарны нібыта за акцыю, якую яны хацелі зладзіць. Сярод затрыманых былі і выпадковыя мінакі — Вячаслаў Казлоў праводзіў дадому сяброўку, і абое трапілі пад "хапун".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.