Вікторыя Азаранка распавяла, калі загаворыць па-беларуску
Беларуская тэнісістка ў паўсядзённым жыцці і на корце карыстаецца англійскай ці рускай мовай, але прыхільна ставіцца і да роднай мовы.
Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка выказалася пра беларускую мову. Як вядома, на корце яна карыстаецца англійскай мовай, у паўсядзённым жыцці, акрамя англійскай, яшчэ і рускай. "Прессбол" пацікавіўся ў Азаранкі, ці не забывае яна беларускую мову?
"Вельмі мала яе выкарыстоўваю, — кажа Вікторыя. — Але думаю, калі людзі пачнуць гаварыць, я таксама буду крыху "размаўляць".
Нагадаем, Вікторыі Азаранцы 25 гадоў, яна — ўраджэнка Мінска. Яе бацькі прыехалі ў сталіцу з Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. З 14 гадоў вучылася ў тэніснай акадэміі ў Іспаніі, пасля — ў ЗША. У вялікім тэнісе Азаранка з 2003 года. У студзені 2012-га становіцца першай ракеткай свету і пратрымалася на першым радку рэйтынгу WTA да 2013 года. У далейшым, з-за траўмаў, спартсменцы не хапала стабільнасці. Цяпер яна займае толькі 49-е месца, але мае патэнцыял для вяртання ў эліту сусветнага тэнісу.
На здымку: Максім Мірны і Вікторыя Азаранка — алімпійскія чэмпіёны. Фота: БЕЛТА